Беларусам не паказалі матчу Румынія-Украіна


Сваёй зборнай на топ-турніры традыцыйна няма, таму беларускі глядач нярэдка суперажывае краінам-суседкам. Аднак матчу Румынія-Украіна на дзяржаўным тэлебачанні так і не паказалі. Вось так выглядаў расклад сённяшніх матчаў на сайце УЕФА, а вось так – у эфіры СТВ. Сустрэчу Румынія-Украіна праігнаравалі і ў тэлеанонсе. Не было матчу і ў праграме перадачаў. Замест футболу – расейскі серыял ды выданне навінаў. Чаму сустрэчы румынаў і ўкраінцаў так і не паказалі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Румынія адмовіла ў візах дэлегатам не толькі ад Расеі але і ад Беларусі на паседжанні парламенцкай асамблеі АБСЕ, якое будзе адбывацца ў Румыніі з 29 чэрвеня па 3 ліпеня. Магчыма, гэта сіметрычны адказ зусім не Украіне, а Румыніі», – лічыць медыяэкспертка Марыя СадоўскаяКамлач.

Украіна гуляе на «Еўра-2024» на фоне вайны. Паводле трэнера, за зборнай уважліва сочаць і на фронце. Салдаты просяць футбольную каманду паказаць «дух Украіны».

«Вайна працягваецца, і гэта яшчэ больш матывуе гульцоў. Бо я ведаю ўсіх гульцоў і асабіста атрымліваю шмат паведамленняў ад нашых байцоў, ад нашых салдатаў, ад нашых сяброў, якія цяпер змагаюцца за Украіну. Я ўпэўнены, што яны вельмі ганарацца намі, а мы вельмі ганарымся імі», – распавёў галоўны трэнер зборнай Украіны Сяргей Раброў.

Матч Румынія-Украіна на «Еўра-2024». Германія. 17 чэрвеня 2024 года.
Фота: kolbert-press/Christian Kolbert / imago sport / Forum

Ёсць на чэмпіянаце Еўропы і ўмоўна свае людзі. Былы гулец барысаўскага БАТЭ, абаронца зборнай Сербіі Філіп Младэнавіч увайшоў у тройку найлепшых гульцоў у матчы з Англіяй.

«Не думаю, што ў чэмпіянаце Беларусі сёння ёсць гулец такога ўзроўню», – заявіў трэнер і былы гулец Вышэйшай лігі Беларусі Яўген Вяроўка.

«Еўра-2024» ад пачатку багаты на рэкорды. Зборная Албаніі забіла італьянцам самы хуткі гол у гісторыі – на 23-ай секундзе. Коўч Нямеччыны Юльян Нагельсман ва ўзросце 36 гадоў зрабіўся самым маладым трэнерам. А іспанец Лямін Ямаль – не толькі самым маладым футбалістам, але і аўтарам выніковага дзеяння: 16-гадовы юнак аддаў галявую перадачу ў матчы з Харватыяй.

«Акадэмія “Барсэлоны” дае вельмі шмат талентаў. Я зараз не толькі пра Ямаля. Але паглядзім. Ад яго чакаюць, што ён дасягне ўзроўню Мэссі», – падсумаваў Яўген Вяроўка.

Своеасаблівы рэкорд паставіла грузінская кампанія дастаўкі, што адправіла кур‘ера з Тбілісі ў Дусэльдорф на мапедзе. Ён праехаў 4000 кіламетраў за 12 дзён. Па прыбыцці на трэнаванне зборнай Грузіі кур’ер дастаў з тэрмасумкі… нацыянальны сцяг, чым вельмі пацешыў каманду.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»