Глыбей, яшчэ глыбей: інтэграцыя Беларусі і Расеі паскараецца


Распрацоўваецца сімволіка Саюзнай дзяржавы – заявіў дзяржсакратар гэтага ўтварэння Дзмітрый Мезенцаў на эканамічным форуме ў Пецярбургу. І гэта толькі вяршыня інтэграцыйнага айсбергу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З першых саюзных дамоваў і да нядаўняга часу Лукашэнка ўнікаў надта глыбокай інтэграцыі. Але цяпер Крэмль, падобна, даціскае свайго саюзніка.

«Гэта наступствы, у тым ліку, 2020 года. Лукашэнка стаў закладнікам сваёй бяздарнай палітыкі. У тым ліку, фальсіфікацыяў на выбарах. І той дапамогі, якую атрымаў ад Крамля. Цяпер Беларусь плаціць часткай свайго суверэнітэту, аддаючы яго Крамлю», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Крэмль цяпер адзіны, хто гатовы пазычаць Лукашэнку грошы. А заходнія санкцыі змушаюць дыктатарскія рэжымы да шчыльнейшай эканамічнай супрацы.

«Мы бачым, як наш экспарт ідзе на дзве траціны толькі ў Расею. І гэта таксама небяспечна. Небяспечна тым, што калі адбудуцца нейкія праблемы ў Расеі – а яны ўжо ёсць – то будуць праблемы і ў Беларусі», – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Інтэгруюцца інфармацыйныя прасторы. Калісь рэжым Лукашэнкі мог прасоўваць праз свае медыі ўласную пазіцыю. Цяпер яны паўтараюць крамлёўскую прапаганду.

У той самы час некаторыя прыхільнікі «расейскага свету» наракаюць, што канцэрт да Дня Расеі ў Менску не сабраў аншлагу. То бок беларусы не надта актыўна падтрымліваюць суседзяў.

Але ўплыў Крамля на розумы беларусаў расце – мяркуе Дзмітрый Балкунец. Прычынаю – разгром лукашэнкаўцамі недзяржаўных медыяў.

«Насельніцтва пачало масава чытаць расейскія медыі, бо беларускую прапаганду цяжка глядзець. Гэта ўплывае на настроі ў грамадстве. Людзі ў рэзананс думаюць з той карцінкай, што бачаць на экране тэлевізара», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Пракрамлёўскія медыі падаюць інтэграцыю ў станоўчым святле. Напрыклад, ТАСС сёння апублікавала інтэрв’ю з ужо згаданым Мезенцавым, дзе акцэнтуюцца эканамічныя выгады ад збліжэння краінаў.

«Расея ўжо дзесяць гадоў трывае ў эканамічнай стагнацыі. І перспектыва – таксама стагнацыя. І калі беларус, які жыве ў Беларусі і лічыць, што яго гэта не датычыць, ён павінен разумець, што наступныя дзесяць гадоў таксама будзе стагнацыя», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

То бок значнага эканамічнага росту і падвышэння дабрабыту беларусаў, відаць, не прадбачыцца.

Валянцін Васіленка, «Белсат»