Беларускае чынавенства: хто каму сваяк і што за гэта атрымае?


Бес прыйшоў, сатану прывёў, чарцянят напладзіў, а д‘ябла ў кумы кліча. Выглядае, што старая народная мудрасць вельмі арганічна кладзецца на новую частку расследавання пра кумаўство ў лукашэнкаўскай вертыкалі ўлады, праведзенае для беларусаў ініцыятывай «Сумленныя людзі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лідар ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алена Жываглод кажа, што кумаўство, гэта сёння рычаг і інструмент сацыяльнага ліфта і гарантыя прасоўвання па кар‘ернай лесвіцы.

Адныя з самых заўважных фігурантаў новага расследавання – клан Церцеляў. Брат дзейнага старшыні КДБ Івана Церцеля, Юрый, раней камандаваў памежным спецназам, а цяпер кіруе дзяржінспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Лукашэнку. Пад ягоным кіраўніцтвам з‘яўляліся навіны пра феерверкі ў заказніку «Лебядзіны» і прапановы выключыць зубра з «Чырвонай кнігі».

Сын жа Івана Церцеля Міраслаў, паводле расследавання «Сумленных людзей», вельмі хутка ўзляцеў па кар‘ернай лесвіцы ў МЗС. Прыйшоўшы туды толькі летась, амаль адразу ён быў прызначаны першым сакратаром амбасады Беларусі ў РФ. Аналітык BISS Вадзім Мажэйка кажа:

«Сам прынцып наймання людзей па прыкмеце лаяльнасці, гэта відавочнае зніжэнне якасці працы, бо да кампетэнцыяў не мае ніякага дачынення. Зрэшты ў бізнесе не любяць наймаць сваякоў, бо гэта проста неэфектыўна. Усе любяць працаваць з прафесіяналамі».

У расследаванні і стары служка рэжыму Аляксандр Радзькоў, які ў свой час адзначыўся закрыццём Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, рэпрэсіямі супраць студэнтаў, а таксама неаднаразовым удзелам у фальсіфікацыях выбараў. Былы міністр адукацыі Радзькоў цяпер лідар дэкаратыўнай партыі «Белая Русь» і першы намеснік старшыні адміністрацыі Лукашэнкі. Зяць жа Радзькова Уладзімір Пярцоў летась стаў міністрам інфармацыі Беларусі, а дачка Радзькова Юлія працуе на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1». Паводле Вадзіма Мажэйкі:

«Аўтарытарныя рэжымы маюць прычыны за сябе баяцца, таму набіраюць вымушана людзей лаяльных. А хто ж можа быць больш лаяльным чым сваякі. З аднаго боку рэжым яшчэ больш залежыць ад гэтых людзей, сем‘яў, кланаў, калі блізкія людзі растаўленыя па ўсёй сістэме, па розных пасадах. У сваю ж чаргу гэтыя сем’і ўсё болей залежаць ад рэжыму».

Сын нязменнага старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, Уладзіслаў, летась з дазволу Лукашэнкі стаў дырэктарам беларускага аддзялення расейскага сотавага аператара МТС, дзе доля дзяржаўнага «Белтэлекаму» складае кантрольны 51 адсотак.

«Сумленныя людзі» заклікаюць не маўчаць – нават калі задаецца, што вядомы вам выпадак кумаўства – дробны:

«Я запрашаю беларусаў дзяліцца інфармацыяй, можа быць, гаворка ідзе не аб міністрах сёння, а аб мясцовым узроўні ўлады. Дзяліцца інфармацыяй і фактамі аб тым, хто каго прызначыў на пасаду толькі таму, што гэта яго сваяк або сябар ці яшчэ нехта».

У нашым матэрыяле мы прывялі толькі некалькі прыкладаў. З прадстаўленай жа «Сумленнымі людзьмі» інфармацыі вынікае, што кумаўством прасякнутая ўся лукашэнкаўская вертыкаль. Тут і прадстаўнікі праўладнай журналістыкі СелюныЭйсманты, і Макеі – дыпламат і акторка, сваякі былога старшыні КДБ у Менскім раёне Уладзіміра Калача, і славутыя ў палітычных справах суддзі-пракуроры Любавіцкія, і нават верагодны хрэснік Качанавай, што адзначыўся зрывам мітынгу з удзелам «Дыджэяў пераменаў».

Паводле расследавальнікаў, кумаўство – гэта фундамент рэжыму Лукашэнкі, спосаб кантролю і ўстрымання чыноўнікаў ад «рэзкіх дзеяння». Эксперты называюць яго адным з галоўных чыннікаў, які спыніў дзяржаўных службоўцаў ад масавага пераходу на бок беларускага народу падчас пратэстаў у 2020 годзе.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»