Паміж Беларуссю і Літвой можа паўстаць сцяна


Сітуацыя на беларускай мяжы – усцяж некантраляваная. Сёлета ў пяць разоў – толькі праз Літву – павялічылася плынь нелегальных мігрантаў у Заходнюю Еўропу. Каб узмацніць абарону, літоўскія ўлады нават пачалі разглядаць узвядзенне на памежжы агароджы.

Цывільная ўлада яшчэ не падтрымала такую прапанову Міністэрства ўнутраных справаў, але распачалася дыскусія. І распачнецца – следства – згодна са звесткамі літоўскіх спецслужбаў, гэтая плынь мігрантаў – арганізаваная беларускімі ўладамі міжнародная аперацыя.

На супольнай з Беларуссю мяжы літоўскія памежнікі працягваюць затрыманні нелегальных мігрантаў – перадусім з краінаў Блізкага Усходу. Яшчэ шасцярых грамадзянаў Іраку, якія нелегальна перасеклі мяжу, удалося затрымаць у вёсцы Трычунай і ля вёскі Гакенай. Дзяржаўная Памежная Служба Літвы дзень і ноч стрымлівае трафік нелегальных мігрантаў у краіны Еўразвязу. Але сур’ёзныя крокі – наперадзе – заявіла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце ў эфіры тэлевізіі LRT:

«Ужо некалькі тыдняў нашую мяжу незаконна перасякаюць асобы з трэціх краінаў. Мы маем звесткі, што беларускія службовыя асобы замяшаныя ў працэс арганізаванага завозу людзей пад нашую мяжу. Органы выведкі высвятляюць гэта. МУС Літвы таксама звярнулася ў Генпракуратуру з просьбаю распачаць расследаванне».

Hавiны
Міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце заявіла, што Беларусь вядзе супраць Літвы гібрыдную вайну
2021.06.05 12:18

Днямі кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што Беларусь дастаўляе на сваю тэрыторыю сірыйцаў ды іракцаў са Стамбулу і Багдаду, выкарыстоўваючы нацыянальнага тур аператара «Цэнтркурорт». А з Менску так званых «турыстаў» вязуць на мяжу. Ці супадзенне, што такі трафік пачаўся пасля абяцання Аляксандра Лукашэнкі аслабіць кантроль за наркатрафікам і нелегальнай міграцыяй на заходняй мяжы?

Віціс Юрконіс, палітолаг:

«Ужо ёсць каманда Frontex, якая прыязджае сачыць за памежнаю зонай. Сама Беларусь атрымлівала не малыя сродкі ад Еўразвязу за працу на памежнай зоне. Але не асабліва шмат зрабіла».

У 2019-ым годзе беларускія калегі не дапільнавалі 46 так званых нелегалаў, у 2020-ым годзе – 81-го. Сёлета за паўгода – 397 асобаў прайшло на літоўскі бок. Калі ісці такімі тэмпамі, у канцы года атрымаем 800.

МУС Літвы назвала прыблізны кошт эфектыўнай абароны мяжы – 15 мільёнаў еўра за ўзвядзенне агароджы паміж краінамі. Адзіночная ці падвойная, з калючым дротам ці сігналізацыяй? Прэмʼер-міністарка Інгрыда Шыманіце больш пераймаецца не за кошт будаўніцтва – за ягоную працягласць. Сказала:

«Гэта доўга. Ёсць сучасныя тэхналогіі, укараненне якіх мы паскараем і стараемся завяршыць у наступным годзе. Калі нейкія іншыя захады на канкрэтных участках мяжы маглі б быць рэалізаваныя і такія ўчасткі вызначаныя – мы рэалізуем. Але дакладна не магу абяцаць, што мы ўзвядзем «каменную сцяну»».

Hавiны
Літва хоча ўсталяваць агароджу на мяжы з Беларуссю
2021.06.17 10:42

Толькі месяц таму Літва заяўляла пра неабходнасць умацоўваць мяжу ад кантрабанды, перадусім цыгарэт, абʼём чорных паставак якіх павялічыўся ў разы. Потым распаліўся скандал у паветранай прасторай Беларусь – Літва (гаворка аб захопе самалёту Ryanair). Цяпер, названая Літвою гібрыднай вайной – навала мігрантаў… Як гэта бачаць беларусы, мы запыталіся ў берасцейцаў:

«Украіна таксама будуе плот ад Расеі. Да чаго гэта – я не разумею».

«Прычына ж не ў беларусах. Прычына ў тым, што гэта дапускаецца дзяржаваю».

На гэтым тыдні ў Цэнтры рэгістрацыі ўцекачоў у Пабрадзе паўстала намётавае мястэчка для нелегальных мігрантаў з трэціх краін, якія прыбылі з беларускага боку.

«Прапускаюць усіх іншых – з Бліжняга Усходу, а беларусаў – не. І з гэтага відавочна вынікае, што беларуская ўлада за гэтым стаіць», – рэзюмуе Віціс Юрконіс.

Да ўсіх ранейшых абмежаванняў на выезд з краіны сёння далучылася чарговае. У Берасцейскай вобласці ўвялі мясцовы збор за выезд транспарту за мяжу: на сёння гэта 29 рублёў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»