Купіце турму! Ва Ўкраіне распрадаюць папраўчыя ўстановы


Ірпенскі папраўчы цэнтр. Тут да 2019 года жылі асуджаныя, якія за добрыя паводзіны рыхтаваліся выйсці паводле ўмоўна-датэрміновага вызвалення. Цяпер гэта разваленыя вытворчыя цэхі, адміністрацыйныя будынкі і 8 гектараў зямлі, якія прадаюцца. Недалёка ад Кіева. Дорага! Стартавы кошт – амаль 8 мільёнаў долараў.

«Тут сядзела 4 сотні. І нас людзей 40. Кожнаму трэба заробак. І вытворчая зона, там таксама 4 майстры было. А прадукцыі ўжо ніхто там не купляў», – кажа ахоўнік Іван.

Што можна набыць, нам паказвае адзін з ахоўнікаў аб’екту. У гэтым месцы ён адпрацаваў 16 гадоў нагляднікам:

«Вось тут «жулікі» жылі. А там сталовая, дзе яны сілкаваліся. Самі сабе ежу рыхтавалі. Старэйшым там афіцэр быў, а кухары самі «жулікі» былі».

Гэта першая турма, якую выставілі на адкрыты продаж яшчэ летась у лютым. Яе пакуль ніхто не купіў. Хоць лот прывабны, – лічыць міністр юстыцыі Украіны Дзяніс Малюська:

«Кошт рэальна высокі. Калі ўлічваць, што забудоўнікі цікавяцца зямельным участкам з разлікам стартавай цаны на сотку, то гэта вышэй за рынкавую. Відавочна, гэты фактар адыграў ролю, чаму яго не купілі. Ну, пастаіць. Не прадамо гэтым летам, прадамо восенню. Не прадамо восенню, прадамо зімою».

Львоўская папраўчая калонія № 48 не функцыянуе з 2018 года. Амаль 60 гадоў тут была турма строгага рэжыму. Месяц таму турму выставілі на адкрытыя таргі. Лот купілі за 14 мільёнаў долараў. Новыя ўладальнікі турмы кажуць, што разлічваюць пабудаваць на месцы руінаў IT-габ.

«Мы дакладна бачым, што гэта павінны быць адукацыйныя ўстановы. Мы хочам развіваць профільны ўніверсітэт. У нас ёсць ідэя стварыць школу, дзіцячы садок для дзяцей замежнікаў з поўным выкладаннем на ангельскай мове», – распавядае Алег Дзяніс, сузаснавальнік кампаніі «Softserve».

У «вялікім распродажы» Міністэрства юстыцыі бярэ ўдзел папраўчая калонія № 51 у Адэсе. «Каля 6 гектараў зямлі, падведзеныя камунікацыі, спакойныя суседзі, цудоўны клімат», – рэкламуе адэскі лот юстыцыі Украіны Дзяніс Малюська:

«Нам патрэбныя рэсурсы, каб прывесці турэмную сістэму да еўрапейскіх стандартаў. Каб пабудаваць новую інфраструктуру або адрамантаваць ужо існую. Гэта велізарныя грошы. Гэтых грошай у бюджэце няма, і пакрываць за кошт падаткаплатнікаў на паляпшэнне ўмоваў перабывання зняволеных было б не зусім правільна».

Увогуле плануюць прадаць 35 турмаў у розных рэгіёнах Украіны. «Вялікі распродаж турмаў» павінны прывесці да паляпшэння ўмоваў ва ўкраінскіх турмах.

Ірына Кананенка. Белсат.