Украіна знішчае расейскую інфраструктуру і абараняецца на Харкаўшчыне


Трапны ўдар ракетамі «Атакамс». На апублікаваных спадарожнікавых здымках аэрадрому «Бельбек» у акупаваным Крыме бачым вынікі ўдару 15-га траўня: як мінімум мінус адзін СУ-27, адзін МІГ-29 пашкоджаны, і самае каштоўнае – знішчаныя два патэнцыйныя носьбіты «Кінжалаў», МІГ-31. На дадатак, цалкам згарэў склад гаруча-змазачных матэрыялаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Падобных самалётаў у РФ няшмат, лік ідзе на дзясятак. Магчымасць вытворчасці гэтых самалётаў страчаная, і праціўнік цяпер выкарыстоўвае мадэрнізацыю наяўных версіяў самалёта МіГ-31», – кажа вайсковы эксперт Валерый Рабых.

Гэтай жа ноччу Севастопаль быў атакаваны паветранымі і марскімі беспілотнікамі. Акупацыйныя ўлады заявілі, што ўсё пазбівалі. У горадзе між тым часткова знікла святло.

Працягваюцца і эфектыўныя атакі ўкраінскіх дронаў на расейскую паліўную інфраструктуру. Уначы больш за 30 выбухаў пачулі жыхары Новарасійску ў Краснадарскім краі.

Пад ударам – мазутны завод і тэрмінал «Транснефти». Пасля атакі перастаў працаваць грамадскі транспарт. Украінскія беспілотнікі даляцелі і да Туапсэ – ёсць наўпроставае траплянне ў мясцовы нафтаперапрацоўчы завод.

«Калі там пачынаюцца абстрэлы, то ты як расеец павінен туды адпраўляць нейкія свае сродкі. Сродкі СПА, напрыклад. Каб сродкі СПА адправіць, ты мусіў аднекуль іх узяць ці зняць аднекуль. Гэта не толькі аперацыя ўкраінцаў, каб знішчыць наступальны патэнцыял расейцаў. Але і каб яны свае рэсурсы перамясцілі з адной кропкі ў іншую», – кажа вайсковы эксперт, афіцэр запасу Літвы Дарус Антанайціс.

Паводл яго, у адказ расейцы нанеслі дронавы і ракетны ўдар па Харкаве. Паветраная трывога доўжылася больш за 16 гадзінаў. У горадзе пачаліся пажары, ёсць загінулыя і параненыя.

Напружанаю застаецца сітуацыя і ў самой Харкаўскай вобласці, якую ад 10 траўня атакуюць расейскія часткі. Углыб акупанты прасунуліся нязначна, але пашырылі зону актыўных баявых дзеянняў на 70 кіламетраў. Найбольш сілаў кідаюць на захоп Ваўчанску. Там ідуць гарадскія баі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ваенныя праязжаюць каля згарэўшых танкаў. 18 кастрычніка 2022, Харкаўская вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

«Тыя баявыя дзеянні, якія ідуць цяпер у Ваўчанску і на лініі судакранання побач з расейскай мяжой, – гэта яшчэ тая шэрая зона, што захоўвалася пасля вызвалення гэтай тэрыторыі ў 2022 годзе», – кажа Валерый Рабых.

З нагоды дзеянняў расейскай арміі ў Харкаўскай вобласці выказаўся сёння і Пуцін. Маўляў, Харкаў браць цяпер не збіраемся, а хочам стварыць буферную зону з памежнымі рэгіёнамі Расеі, каб абараніць іх ад украінскай агрэсіі.

«Расейская аперацыя на поўначы Украіны – яна настолькі нелагічная. Таму што ты не маеш рэсурсаў абараніць Крым, не маеш рэсурсаў наступальныя дзеянні ажыццяўляць на ўсходзе. І яшчэ ты пачынаеш на поўначы. Усё ж украінскія атакі на расейскія аб’екты на тэрыторыі Расеі вельмі балючыя для рэжыму Пуціна. Яны павінныя нешта думаць, нешта рабіць, таму для мяне гэтая аперацыя расейцаў не ваенная, а палітычная», – упэўнены Дарус Антанайціс.

Аднак і ўкраінцы вымушаныя перамяшчаць свае рэзервы з іншых участкаў фронту, каб стрымліваць расейцаў на Харкаўшчыне. Сітуацыя кантраляваная, але наперадзе будуць цяжкія баі, нельга дапусціць далейшага прасоўвання варожых войскаў, заявіў галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»