Што Лукашэнка робіць у Нагорным Карабаху?


Лукашэнка адправіўся ў Нагорны Карабах – мясцовасць, якая доўгі час была прадметам тэрытарыяльных спрэчак паміж Арменіяй і Азербайджанам і якую Баку летась адваяваў. Падобна, што менскі рэжым разлічвае добра зарабіць у гэтым рэгіёне. Чаго там шукае Лукашэнка? Што яднае яго і Аліева? Якой рэакцыі на гэты візіт чакаць ад Арменіі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Агледзіны новага аэрапорту, наведванне памятных мясцінаў, перадача трактароў у падарунак гораду Шуша. Гэтак выглядала сённяшняя паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Карабах у кампаніі Ільхама Аліева.

«Для Аліева гэта піяраўскі ход. А ў Лукашэнкі, думаю, у галаве найперш практычныя меркаванні, што тут можна зарабіць грошы. Напрыклад, на будаўніцтве нейкіх аб’ектаў», – мяркуе палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

У Карабаху сапраўды адбываецца шмат публічных імпрэзаў з удзелам Аліева. Вайсковыя парады, сустрэчы з мясцовым насельніцтвам, музычныя фестывалі. А цяпер і Лукашэнку прывезлі.

Што да таго, каб падзарабіць на будаўніцтве ў Карабаху, – такая перспектыва для лукашэнкаўскага рэжыму, падобна, існуе.

«Я запрасіў беларускія кампаніі актыўна ўдзельнічаць у аднаўленні карабахскай і ўсходнезангезурскай зоны. Маштаб працаў, якія мы ажыццяўлялі і будзем ажыццяўляць, грандыёзны», – заявіў напярэдадні прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў.

Сёлета Азербайджан плануе інвеставаць у аднаўленне і будаўніцтва ў Карабаху амаль 2,5 мільярды долараў. Таму сяброўства з Баку для Менску выглядае шматабяцальна.

«Мы як браты дачыняемся. Мы аднолькава разумеем свет, разумеем, куды ён рухаецца», – заявіў падчас візіту ў Баку Аляксандр Лукашэнка.

І сапраўды, і Беларусь, і Азербайджан – на дне сусветнага рэйтынгу свабоды, як вынікае з аналітыкі «Freedom House». Сямʼя Аліевых ва ўладзе больш за трыццаць гадоў. Лукашэнка – амаль трыццаць. Ёсць і геапалітычныя падставы для ўзаемнай прыязнасці – кажуць эксперты.

«Калі Азербайджану сёння няёмка наўпрост супрацоўнічаць з Расеяй у сілу розных акалічнасцяў, то Беларусь у цяперашняй сітуацыі выглядае як альтэр-эга Расеі, што вельмі пазітыўна ўспрымаецца ў Маскве», – кажа незалежны палітычны аналітык, эксперт у справе краінаў СНД Аркадзь Дубноў.

Але як успрымуць гэты візіт у Ерэване? Карабах, які наведаў Лукашэнка, доўгі час быў спрэчнай тэрыторыяй, населенай пераважна армянамі. Летась Азербайджан цалкам узяў яе пад свой кантроль сілаю зброі. Тады дзясяткі тысячаў карабахскіх армянаў зрабіліся ўцекачамі.

Карабах – тэма для Арменіі, саюзніцы Беларусі ў АДКБ, – балючая. Якой рэакцыі чакаць ад армянскіх уладаў на візіт Лукашэнкі ў адваяваны Азербайджанам рэгіён?

«У Ерэване будуць паводзіцца палітычна і разумна, калі не звернуць увагі на візіт Лукашэнкі. Адзінае, што іх можа крыху дражніць, – гэта тое, што Лукашэнка будзе дапамагаць адбудоўваць Нагорны Карабах, дзе, як сцвярджаецца, знішчаюць сляды армянскай гістарычнай прысутнасці», – мяркуе Аркадзь Дубноў.

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў.
Фота: president.gov.by

Пры гэтым таваразварот Беларусі з Азербайджанам прыкметна большы, чым з Арменіяй. Прычым 80 адсоткаў яго – беларускі экспарт.

«Вось гэтыя прагматычныя меркаванні для Лукашэнкі відавочна пераважаюць. Ён думае, што паабураюцца ў Ерэване, але што яны яму зробяць?» – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Аднак беларускія дзяржаўныя медыі слова «Карабах» у загалоўках унікаюць. Афіцыйны Ерэван візіту Лукашэнкі пакуль не каментаваў. А паводле Святланы Ціханоўскай, гэтая паездка Лукашэнкі – ілюстрацыя слабасці расейскіх вайсковых саюзаў. А ягоны рэжым клапоціцца пра ўласнае выжыванне любым коштам.

Валянцін Васіленка, «Белсат»