«Кантора паліцца, але ёй не прывыкаць». Несвабода Томаша Шмыта


Былы суддзя Ваяводскага адміністратыўнага суда ў Варшаве Томаш Шмыт спрабаваў перадаць польскаму консулу ў Менску свае скаргі. У калідоры, у суправаджэнні аператара, які размясціў відэа ў дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелТА, Томаш Шмыт скардзіўся на нібыта парушэнне польскай Канстытуцыі і міжнароднага права.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Скаргі датычылі палітыкі Польшчы, польскага ўраду, што з сумленнага чалавека зрабілі шпіёна».

Тым часам усё больш экспертаў звяртаюць увагу на дзіўны спосаб вядзення тэлеграм-каналу былога суддзі. І гаворка не толькі пра допісы на расейскай мове, якой паляк свабодна не валодае.

«Як для мяне, ён гэтага не піша, што там напісана, нават па-польску. Шмат русізмаў у гэтай польскай мове, вельмі дробных рэчаў, напрыклад эматыконы – яны расейскага ўзору», – кажа польскі журналіст з выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі.

Зрэшты, гэта заўважаюць не толькі польскія журналісты. Вось што піша Дзмітры Гурневіч з радыё «Свабода»:

«”Oficjalna Warszawa” – паляк такую канструкцыю ў жыцці не сфармулюе. Гэта фраза аўтараў БелТА. Як і “organizuje swoimi działaniami”. Шмыту нават вычытваць не даюць. Кантора паліцца, але ёй не прывыкаць».

Днямі ў тэлеграм-канале Томаша Шмыта выпадкова з’явіўся скрын ягоных кантактаў, сярод іх быў і імаверны кантакт сумна вядомага губазікаўца Артура Гайко, які раней пранік у праект «Чорная кніга Беларусі». Памылка са скрынам можа сведчыць, што канал вядзе недасведчаны ў тэлеграме чалавек. Зрэшты, доступ да мадэравання могуць мець некалькі асобаў. Раней эксперты звярталі ўвагу, што аўдыторыя, для якой працуе Томаш Шмыт, не ў Польшчы. Вадзім Мажэйка, каардынатар «Нашай візіі», у каментары «Белсату» 7 траўня заявіў:

«Адразу ўключэнне ў прапагандысцкую сетку тэлеграм-каналаў. Бачна, гэта той стыль, як працуюць у Менску і Маскве. Гэта не так, як працуюць у Польшчы, умоўна кажучы, ён не польскамоўны Twitter завёў».

Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у студыі «БелТА» ў Менску, Беларусь. 15 траўня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Але цяпер ад імя Томаша Шмыта вядуць акаўнт у былым Twitter – сацсетцы X. Таксама з грубымі памылкамі ў польскай мове.

«Акаўнт развіваецца на гэтай платформе вельмі імкліва, для нас гэта неспрыяльны чыннік. Службовец актыўна пашырае цяпер, сярод іншага, допісы з акаўнтаў, што распаўсюджваюць наратыў, блізкі да расейскай прапаганды, каб займець іх падтрыманне пры пошуку падпісальнікаў», –  кажа польскі навуковец, працаўнік Ягелонскага ўніверсітэту Міхал Марэк.

Паводле польскага эксперта, акаўнт Томаша Шмыта паўтарае тыповыя для расейскай прапаганды тэзы: маўляў, гэта не Пуцін і Лукашэнка адказныя за вайну, а Вялікая Брытанія і ЗША хочуць пасварыць славянскія народы.

Былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш пэўны, што Томаш Шмыт яшчэ раней быў завербаваны:

«Хутчэй за ўсё, спецслужбы Беларусі хацелі, каб ён далей працаваў для іх. Калі ён уцёк, гэта азначае, што ён адчуваў нейкае сачэнне або спецслужбы атрымалі нейкую інфармацыю пра тое, што яго падазраюць».

Сам былы суддзя ўсе абвінавачванні адкідае, называючы Польшчу «таталітарнай дзяржавай».

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»