Свет рыхтуецца да Дня палітзняволеных


21-га траўня з ініцыятывы праваабаронцаў быў абвешчаны Днём палітычнага вязня ў Беларусі. У нядзелю ў розных краінах і гарадах свету пройдуць шматлікія акцыі, прысвечаныя гэтаму дню. Сёння ж спіс палітвязняў павялічыўся на 21 прозвішча. У Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве пачалі рыхтавацца да акцыі салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі. У нядзелю, 21-га траўня, яе ўдзельнікі разгарнуць калючы дрот з фотаздымкамі вязняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мэта акцыі – прыцягнуць увагу да праблемы палітзняволеных у Беларусі.

«Партрэты ўсіх маіх сяброў і ўсіх знаёмых нават не змесцяцца ні ў рукі, ні ў ногі. Іх тут вельмі многа. І калі мы раздрукоўвалі і я рабіў там кліп і разглядаў усе гэтыя твары, сустрэў столькі знаёмых, што проста…» – кажа былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

21-га траўня праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Менавіта ў гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі нумар 17 пры нявысветленых абставінах памёр Вітольд Ашурак.

«Нават у тым выпадку, калі Вітольд Ашурак не загінуў ад прамых дзеянняў супрацоўнікаў калоніі, калі яго там не збілі, не забілі, то ў любым выпадку: усе прыкметы таго, што яго смерць была звязана з супрацьпраўнымі паводзінамі супрацоўнікаў калоніі, якія не прыклалі ўсіх намаганняў для таго, каб зберагчы яго здароўе, яго жыццё», – упэўнены юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» на дзень 17-га траўня прызнае палітычнымі 1501 вязня. Ініцыятыва «dissidentby» – 1770.

7-га траўня праваабаронцы паведамілі пра смерць у калоніі палітычнага вязня Мікалая Клімовіча. Ён меў інваліднасць 2-ой групы праз хваробу сэрца. Дасюль няма інфармацыі пра месца перабывання і стан здароўя Віктара Бабарыкі, якога 25-га красавіка прывозілі ў наваполацкі шпіталь.

«Я не хачу, вядома, загадваць, але я думаю, што мы яшчэ пачуем не адну такую ​​навіну пра гібель асуджаных палітвязняў. Больш за сотню вядомых палітвязняў, тых, пра каго мы пішам, альбо знаходзяцца ў цяжкім стане здароўя, альбо ім пастаўлена інваліднасць», – кажа Павел Сапелка.

Беларускія палітычныя вязні страчваюць сваё здароўе на цяжкай і часта небяспечнай працы. Мужчыны працуюць у асноўным на дрэваапрацоўванні і разборы металу, без права на перапынак. Сродкаў бяспекі не выдаюць. Жанчын адпраўляюць пераважна ў швейныя цэхі.

«Месяц сяджу ў ШІЗА, мяне прыводзяць на прамзону. Я кажу: “Мне трэба пальчаткі, мне трэба працоўнае адзенне”. Вядома, трэба. І пры маім 52-ым памеры мне даюць адзенне 44-ага памеру. Кажуць: “А ў нас больш ніякай няма”. Паказваю, што не налезе, ну ніяк. Кажуць: «Гэта твае праблемы”», – расказвае Аляксандр Кабанаў.

За любую правіннасць палітвязняў пазбаўляюць перадачаў і спатканняў, ім абмяжоўваюць ліставанне. Як стала вядома напярэдадні, на паўгода ў адзіночную камеру змясцілі і палітыка Мікалая Статкевіча. А палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк чарговы раз трапіла ў ШІЗА.

«Дзвесце содняў Паліна знаходзіцца ў катавальных умовах штрафнога ізалятару. Гэта падвал, гэта малое памяшканне з маленькім вакном, якое фактычна не зачыняецца на зіму. Гэта вільгаць, катаванне голадам, холадам і безвыходнасцю», – распавёў муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.

Палітычныя вязні, якіх пасля пратэстаў 2020-га года засудзілі на тэрміны ад года да трох, выходзяць на свабоду. Відавочна, турма пакідае свой адбітак, і кожнаму патрэбная дапамога.

«Ёсць ужо дастаткова фондаў і ініцыятыў, якія дапамагаюць вельмі рознай дапамогай. Для кагосьці арганізуюць адкрыццё персанальных збораў, нехта дапамагае з медыцынскім абследаваннем за мяжой, нехта дапамагае з лячэннем і гэтак далей. Тут важна разумець, што нам трэба прасоўваць гэтыя назвы, гэтыя імёны», – упэўнена прадстаўніца Аб’яднанага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае ўсіх выказаць салідарнасць з беларускімі палітычнымі вязнямі і прыцягнуць увагу да іхных праблемаў. Акцыі з 19-га да 21-га траўня адбудуцца ў Польшчы, Літве, Грузіі, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, ЗША, Італіі ды ў іншых краінах.

Святлана Кубрак, «Белсат»