Казахстан адкрыўся на пераладоўванне «санкцыёнкі»


Тэхніка-эканамічная супраца, абмен студэнтамі, бязвіз і шмат іншага. Прэзідэнт Казахстану з візітам у Кітаі, узмацненне ўплыву якога ў Азіяцкім рэгіёне еўрапалітыкі лічаць непажаданым. Яшчэ менш прывабнае збліжэнне Такаева з аўтакратамі, якія вядуць вайну ва Украіне. Замест захавання нейтральных паводзінаў, кіраўнік Казахстану дазваляе ім выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для транзіту санкцыйных тавараў. Перавознікам з Беларусі дазволілі дастаўляць грузы ў Казахстан з перачэпкай і перагрузкай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія і расейскія транспартавыя кампаніі за апошнія два гады не паспяваюць прызвычайвацца да зменаў. Дваццаць чацвёртага лютага ў Францыі фуру заладавалі дазволеным на ўвоз таварам, а падчас праходжання мяжы ў ноч на 27-га груз ператварыўся ў санкцыйны.

«Увялі пакет санкцый, праз які груз апынуўся санкцыйным. Гэта значыць, мы не спецыяльна яго везлі. А чалавек прыехаў ноччу на мяжу. І ўсё – яго не пусцілі», – распавяла крыніца ў адной з беларускіх лагістычных кампаніяў.

У выніку – штрафы транспартавай кампаніі ды кіроўцу асабіста на суму больш за €10 тыс. і некалькі тыдняў затрымання на мяжы.

Наступны спіс штрафаў атрымалі перавознікі з Беларусі і Расеі, якія не паспелі выехаць праз Польшчу ў Беларусь да 16-га красавіка.

Фуры на еўрапейскіх нумарах праходзілі мяжу бесперашкодна. Неўзабаве з’явілася схема абыходу забароны: фуру на мытню дастаўляюць цягачом з нумарамі Еўразвязу і там перачапляюць ці пераладоўваюць на беларускі цягач. Шырокай дарогі! Сёння таксама Казахстан дазволіў беларускім перавознікам (следам за расейскімі) дастаўку грузаў праз перачэпку або перагрузку. Хоць у мінулым годзе:

«Казахстан увайшоў у складзены ЗША спіс 17-ці краінаў, якія падазравалі, як транзітныя тэрыторыі для правозкі санкцыйнай прадукцыі ў Расею і Беларусь. Захад пастаянна даваў сігналы, што ён маніторыць, кантралюе і сітуацыю добра ведае», – кажа сузаснавальнік Альянсу аналітычных арганізацыяў Казахстану Дасым Сэтпаеў.

Прэзідэнт Такаеў летась праігнараваў шэраг сігналаў з Захаду і не скарыстаўся магчымасцю пакінуць Еўразійскі эканамічны саюз, спасылаючыся на форс-мажор у выглядзе вайны.

«Такаеў залежыць ад Пуціна па розных накірунках. Гэта і залежнасць у плане таго, што ён яму дапамог некалі, гэта таксама і эканамічная залежнасць», – лічыць Дасым Сэтпаеў.

Згодна са звесткамі профільнай біржы «ATI.SU» абʼёмы перавозаў з Беларусі ў Казахстан у першым квартале 2023 павялічыліся ў 2,5 разы. З Казахстану ў Беларусь – амаль у 3 разы.

«Тое, што раней ішло праз Польшчу, і тое, што цяпер праз Польшчу ісці не можа. Гэта санкцыйныя тавары падвойнага прызначэння, абсталяванне ідзе праз Казазстан. Тое, што ў Беларусь ці Расею не завозіцца беспасярэдне», – кажа эканаміст Алесь Чайчыц.

Паводле «Financial Times», з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне транзітам праз Расею ў Арменію, Казахстан і Кыргызстан меліся трапіць тавары падвойнага прызначэння на суму два мільярды долараў. Але палова распусцілася ў расейскай эканоміцы.

У партыях былі авіяцыйныя кампаненты, паяльнікі, аптычнае абсталяванне, газавыя турбіны, прадукцыя для радыёвяшчання, якія маглі выкарыстоўваць у ваенных мэтах. Значная доля «прывіднага экспарту» вывозілася з Латвіі, Літвы і Эстоніі.

«Яны – транзітныя прынамсі таму, што там гэта не вырабляецца. І вядзецца, зноў жа, не пра канкрэтныя краіны а пра канкрэтныя фірмы і прадпрымальнікаў», – удакладняе Алесь Чайчыц.

Згодна з крыніцамі “Ройтэрз”, Еўразвяз рыхтуе санкцыі супраць некалькіх дзясяткаў кампаніяў з Казахстану, Узбекістану, Ірану і Кітаю – за дапамогу Расеі і Беларусі ў абмінанні санкцыяў. Прыняць абмежаванні будзе няпроста.

«Па прычыне таго, што Казахстан важны і для ЗША, таму што ў Казахстане працуюць найбуйнейшыя амерыканскія нафтагазавыя кампаніі. Туды ўкладзеныя мільярды долараў. Увядзенне жорсткіх санкцыяў штурхне Казахстан у абдымкі, але не Расеі, а Кітаю. Кітай яшчэ больш заглыне гэты рэгіён», – мяркуе Дасым Сэтпаеў.

Казахстан моцна заглыблены ў сусветную банкаўскую сістэму і пастаўляе ў Еўразвяз каля 80 % сваёй нафты. Што зробіць прыняцце санкцыйных рашэнняў яшчэ больш цяжкімі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»