«Зайздроснікі, супакойцеся!»: як боты абяляюць вобраз касманаўткі Васілеўскай?


Ці сапраўды Марына Васілеўская касманаўтка? Прынамсі ў «Роскосмасе», які зарганізаваў палёт беларускі на МКС, думаюць інакш. Выданне «Зеркало» звярнула ўвагу, што на сайце Цэнтру рыхтавання касманаўтаў дзяржаўнай карпарацыі Васілеўская значыцца як удзельніца касмічнага палёту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі казаць канкрэтна пра Васілеўскую, то яна сёння, як я ведаю, ужо з’яўляецца касманаўтам Беларусі. Таму што Лукашэнка як раз падпісаў адпаведны ўказ пра статус касманаўтаў у Беларусі. Таму такая назва цалкам справядлівая», – адзначыў аўтар YouTube-каналу «Открытый космос Зеленого кота» Віталій Ягораў.

Лукашэнкаўская прапаганда шмат кажа пра значнасць палёту Васілеўскай у космас і вельмі сціпла – пра яе самую. Нарадзілася ў сям’і рабочых, скончыла школу і прафесійна займалася бальнымі танцамі. Некаторыя падрабязнасці агучыла выданне «Наша ніва». Прынамсі бацькі Васілеўскай працавалі дворнікамі ў Менску, абое мелі праблемы з законам.

«Тыя людзі, якія пабачаць навіну пра першую беларускую касманаўтку і якія натхняцца такой жанчынай, захочуць азнаёміцца з ейнай біяграфіяй. І калі пабачаць тое, што не адпавядае лініі партыі, то магчыма гэта выклікае пытанні. Таму трэба стварыць белы і пухнаты вобраз», – мяркуе паліталагіня Аліна Харысава.

Таксама журналісты высветлілі, што Марына Васілеўская паступіла на завочнае аддзяленне ў прыватны Менскі інавацыйны ўніверсітэт. Цяпер гэтая ВНУ – у стадыі ліквідацыі. Дый спецыяльнасць Васілеўскай – менеджар-эканаміст – ніяк не звязаная з космасам. Таму, адзначаюць эксперты, выбар кандыдатуры першай беларускай касманаўткі – не больш як пі-ар для рэжыму.

«Чалавек мусіць быць сапраўды падрыхтаваным, быць сапраўды з гэтага асяроддзя. Які затым зможа сапраўды быць не проста жывым увасабленнем краіны, якая адправіла яго ў космас ад свайго імя. Але які таксама змог бы працаваць у галіне як прафесіянал», – патлумачыў незалежны эксперт у пытаннях касмічнай дзейнасці з Украіны Андрэй Калеснік.

Беларуска Марына Васілеўская. 20 сакавіка 2024 года.
Фота: gctc.ru

Як бачым, схаваць няўгодныя факты з біяграфіі Марыны Васілеўскай не ўдалося. Таму абараняць правільны вобраз беларускай касманаўткі скіравалі ботаў. Бальшыня наракала на зайздрасць, але не толькі:

«Зайздроснікі, супакойцеся!»

«Зайздрасць – дрэннае пачуццё. Малайчына, дзяўчынка. А пры чым тут бацькі?»

«Што за жаданне капацца ў бруднай бялізне? Не агучылі, значыць, не трэба вам пра гэта ведаць».

Акрамя статусу касманаўткі, Марына Васілеўская атрымала ад Лукашэнкі званне Героя Беларусі ды ордэн Гагарына ад Пуціна. У перспектыве ў Менску ўсталююць і прысвечаную ёй скульптуру. А што чакае Васілеўскую далей?

«Мяркую, што яе могуць пасадзіць проста ў якое-небудзь месца ў парламенце, каб яна выконвала проста якую-небудзь фіктыўную ролю. Таму што гэта зноў падкантрольны дзяржаве чалавек. Усё, што яна мае, ёй дала дзяржава. Добрая пешка», – дадала Аліна Харысава.

А вось шанцы зноў адправіцца на МКС у Марыны Васілеўскай мінімальныя, мяркуе Андрэй Калеснік. Бо, хутчэй за ўсё, такі палёт ужо не будзе бясплатны для рэжыму.

Ірына Юрʼева, «Белсат»