Украінскі актор падчас вайны стаў зоаваланцёрам і ратуе жывёлінаў


Украінскі актор, танцор і дыджэй Аляксей Сураўцаў цяпер яшчэ і зоаваланцёр. Штодня ён ратуе пакінутых падчас вайны жывёлінаў. У асноўным – коцікаў.

«Спачатку я і эвакуяваў людзей, і патруляваў мясцовасць, і ў тэрабарону запісваўся, але разумеў, што, па-першае, не на сваім месцы, а па-другое, я адзін, мяне можна лёгка замяніць. Калі мяне прыбраць, то нічога не зменіцца. То навошта я тады патрэбны?», – тлумачыць свой выбар Аляксей.

Аляксей жыве ў Ірпіні, горадзе, які моцна пацярпеў падчас расейскай акупацыі. Пад ракетнымі абстрэламі і кулямі ён штодня рызыкаваў сваім жыццём, бо ведаў: у гэты момант ад яго залежыць лёс іншых.

«У большасці выпадкаў у мяне няма апраўдання людзям, якія «мы пад бамбаваннямі». Ды мы ўсе пад бамбаваннямі, мы ўсе тут пад бамбаваннямі. Ты і дзіця сваё пакінеш, калі ты пад бамбаваннем будзеш уцякаць? Не, не пакінеш. Чаму ты вырашыла, што ты можаш ката пакінуць? Яны ж цалкам ад нас залежаць. Цалкам залежаць. Вы іх зачыняеце ў кватэрах і вы за іх вырашаеце: ці могуць яны далей і ці будуць яны далей жыць. Той корм, які вы насыпалі, будзе апошнім кормам у ягоным жыцці», – абураецца Аляксей.

Першым уратаваным стаўся пакінуты падчас эвакуацыі кот Пуся. Чатыры дні ён правёў у пераносцы ў аўце. Відэа Аляксей выклаў у свой Instagram.

Гаспадары Пусі ў выніку знайшліся. Астатнія, чыя сям’я загінула ці прапала, адпраўляюцца ў прытулак. Але, на жаль, ёсць і іншы фінал.

«Я знаходзіў мёртвых жывёлінаў. Цяжка на гэта глядзець, ведаеш? Калі разумееш, што жывёліна сядзела, не разумела, што адбываецца. Яно не разумее, чаму на вуліцы бамбяць, чаму ніхто не прыходзіць, чаму ніхто не насыпае корму, чаму яго ніхто не лашчыць», – нагадвае Аляксей.

З пачатку вайны Аляксей эвакуяваў больш за дзвесце жывёлінаў. Колькі яшчэ атрымалі другое жыццё наўпрост ад таго, што цяпер дзякуючы Аляксею ў іх ёсць вада і ежа, не падлічыць.

Надзея Бельская, «Белсат»