Саджайце дрэвы, а не людзей


Афіцыйныя лічбы сёлетняга вялікага суботніка цалкам паўтараюць леташнія: 2 мільёны 300 тысяч удзельнікаў і больш за 9 мільёнаў сабраных беларускіх рублёў. Грошы зусім не вялікія для дзяржавы, але адчувальныя для канкрэтнага працаўніка, з якога нібыта добраахвотна іх спаганяюць.

«Галоўны суботнік адбываецца на працоўным месцы. Проста прымушаюць людзей змірыцца з тым, што трэба пералічваць добраахвотна – маўляў, заробак за адзін дзень і ўсё. А астатняе ў суботу – гэта прафанацыя, што ходзяць з граблямі, падмятаюць», – тлумачыць старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Як жа да ідэі ўсебеларускага суботніку ставяцца самыя беларусы? Адказваюць жыхары Менску:

«Я думаю, калі б людзям сказалі: «Не прыходзьце», – яны б і не пайшлі».

«Не жадаю браць удзел, жадаю сказаць, што Ленін быў дрэнным, але суботнікі засталіся».

«Не хочам спансіраваць непатрэбныя арганізацыі. На што ідуць гэтыя грошы, справаздачы калі-небудзь былі па гэтых суботніках?»

9 мільёнаў рублёў, сабраныя падчас вялікага суботніку, дзяржава збіраецца выдаткаваць у сацыяльны сектар. Праз бюджэты вобласцяў і бюджэт Менску грошы будуць пароўну размеркаваныя на барацьбу з каронавірусам і на падтрыманне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

«Цяперашнія ўлады лічаць сябе нашчадкамі пераможцаў і адмаўляюць у гэтым праве сваім палітычным супернікам. Таму кожная магчымасць зрабіць спасылку на ВАВ цалкам лагічная, і суботнік не вынятак», – лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Чысціня на вуліцах – далёка не адзіная ідэя рэспубліканскага суботніку. Ёсць яшчэ і ідэалагічная плынь.

«Такая савецкая традыцыя, а ўлады ў нас цалкам савецкія. У гэтым сэнсе іх дзеянні ў арганізацыі суботнікаў цалкам лагічныя, і не здзіўлюся, калі яны ладзяцца паводле тых самых схемаў, як гэта было ў гады маёй маладосці савецкай», – каментуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

Гэтак, Беларусь засталася адзінай краінай былога СССР, у якой дагэтуль ладзяць суботнікі на савецкі ўзор. У наш час паўстае пытанне: ці законна выкарыстоўваць добраахвотную – хутчэй у тэорыі – працу работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў?

«Гэта парушэнне правоў чалавека і правоў працаўніка, бо таксама прымусова ён вымушаны пагадзіцца з тым, каб пералічылі адзін дзень заробку. І правоў чалавека, бо прымусова яны вымушаныя выходзіць і штосьці рабіць», – тлумачыць Аляксандр Ярашук.

Падтрымліваць жа чысціню не на загад зверху беларусы гатовыя ды нават самыя арганізоўваюцца для суботнікаў у парках ды сваіх дварах. Пра гэта нам распавялі жыхары Менску:

«Мы тут жывём і хочам парадак навесці, каб было чыста і прыемна»

«Мы вызваліся самыя, як патрыёты гораду Менску!»

«Трэба і самім таксама паказваць, што мы людзі, якія праяўляюць ініцыятыву, якія хочуць, каб у нашых дварах былі чысціня і парадак».

Сярод 2 мільёнаў 300 тысяч удзельнікаў суботніку заўважылі і аднаго белага шпіца. Ён садзіў дрэвы ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёну.

Ірына Карніенка, «Белсат»