У Беларусі адмянілі тэндары


Больш ніякіх тэндараў. Дзяржаўныя прадпрыемствы цяпер могуць набываць прадукцыю лідскай «Лакафарбы» і «Белшыны» без правядзення абавязковых працэдураў куплі. З адной крыніцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта вынікае з пастановы Савету Міністраў. Распаўсюджваецца яна на гэты і наступны гады. Прадпрымальнік і аўтар аналітычнай праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч кажа:

«Я мяркую, што прыняцце гэтага дакументу звязанае з тым, што і «Белшына», і лідская «Лакафарба» прайграюць канкурэнцыю. «Белшына» прайграе канкурэнцыю іншым прадпрыемствам з Расеі. А лідская «Лакафарба» прайграе канкурэнцыю прыватным прадпрыемствам унутры самой Беларусі. І таму для таго, каб гэтыя прадпрыемствы хоць нешта зараблялі, і прынятае такое рашэнне».

Кожны рубель прададзенай прадукцыі прыносіць «Белшыне» трыццаць капеек страты, падлічыў беларускі прадпрымальнік і аўтар аналітычнай праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Паводле апошняй справаздачы прадпрыемства, у 2020 годзе «Белшына» мела прыблізна дзвесце пятнаццаць мільёнаў рублёў стратаў.

Што да лідскай «Лакафарбы», то, напрыклад, за 2019 год прыбытку ў прадпрыемства не было, а страты перавышалі амаль трыццаць адзін з паловай мільён рублёў. Актуальнейшай інфармацыі не публікавалі.

Прычыны стратаў на прадпрыемстве Лукашэнка звычайна шукае ў менеджменце. Напрыклад, у праблемах «Белшыны» ён абвінаваціў яе генеральнага дырэктара Андрэя Бунакова. Сёлета ў лютым стала вядома, што Бунакоў – у СІЗА. Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду» і заснавальнік Petitions.by, кажа:

«Уся гэтая барацьба з карупцыяй – звычайная бойка кланаў лукашэнкаўскіх. Гэта вось тая сітуацыя, калі павукі ў банцы спрабуюць з’есці адзін аднаго».

Сам жа «крепкий хозяйственник» мяркуе, што ў Расеі шалёны попыт на шыны беларускай вытворчасці. Аляксандр Кныровіч з ім не згаджаецца:

«Тое, што ў Расеі нейкі звышпопыт на беларускія шыны, гэта хворыя фантазіі Лукашэнкі. У Расеі спадае попыт цалкам на шыны. У яе ёсць вытворцы на тэрыторыі самой Расеі і таксама ёсць Кітай. Таму гэта фантазія, якая не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці».

Аляксандр Кныровіч і Уладзімір Кавалкін сышліся ў думцы, што ў скасаванні тэндараў для названых дзяржпрадпрыемстваў нейкага выразнага карупцыйнага складніку няма. Эксперты бачаць хутчэй чарговую сутаргавую спробу ручнога кіравання эканомікай. Ізноў за кошт падаткаплатнікаў, пра грошы якіх узурпатар так непакоіўся на ўчорашняй нарадзе. Паводле Уладзіміра Кавалкіна:

«На маю думку, дзяржпрадпрыемстваў такога кшталту не мусіць быць. Яны мусяць быць прыватнымі. Толькі ў такой канфігурацыі яны могуць быць эфектыўнымі, зарабляць прыбытак і плаціць дастойныя заробкі. Бо калі гэта дзяржпрадпрыемствы, гэта заўсёды будуць інвестыцыі за кошт падаткаплатнікаў у незразумелы бізнес, каторы яшчэ і стратны».

«Белшына» і лідская «Лакафарба» трапілі пад санкцыі Еўразвязу і ЗША ў сувязі з хаўрусніцтвам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Легальны шлях на заходні рынак для іх прадукцыі закрыты. Набываць заходнія дэталі для мадэрнізацыі сваёй вытворчасці яны таксама не могуць.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»