Святлана Ціханоўская выступіла ў Кангрэсе ЗША


Слуханні ў справе Беларусі мусілі адбыцца ў Палаце прадстаўнікоў непасрэдна ў будынку амерыканскага Кангрэсу, але каронавірус перавёў іх у онлайн.

Аднак усё паводле пратаколу і з афіцыйнай назвай: «Жанчыны вядуць рэй: дэмакратычны рух у Беларусі». Перад слуханнямі кіраўніцтва камітэту замежных справаў асудзіла дзеянні рэжыму Лукашэнкі адносна беларускага грамадства.

«Калі з’явіліся вынікі прэзідэнцкіх выбараў, стала відавочна і беларусам, і міжнародным арганізацыям, што выбары адбываліся ва ўмовах фальсіфікацыяў, і Аляксандр Лукашэнка не можа абвесціць перамогу. Але ён абвесціў сябе прэзідэнтам, недаацаніўшы волю беларускага народу і моц Святланы Ціханоўскай», – нагадаў кангрэсмен ад акругі Масачусэтс Біл Кітынг.

Слуханні доўжыліся больш, чым гадзіну, і адчувалася, што ўсе прысутныя амерыканскія заканадаўцы арыентуюцца ў сітуацыі ў Беларусі. Але Святлана Ціханоўская яшчэ раз нагадала пра беларускіх палітвязняў:

«Я тут для таго, каб даць голас тысячам беларусаў, якія сутыкнуліся з несправядлівасцю, запалохваннем і брутальнасцю і якія працягваюць штодня пратэставаць. Больш за 7 месяцаў прайшло з моманту, калі беларусы пачалі абʼяднаны мірны пратэставы рух, які сустрэўся з беспрэцэдэнтным узроўнем гвалту з боку ўладаў. Больш за 32 000 чалавек былі затрыманыя. Больш за 2500 крымінальных справаў былі распачатыя. Больш за тысячу справаў аб катаваннях былі задакументаваныя праваабарончымі арганізацыямі».

У Кангрэсе ЗША прагучалі і імёны журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, асуджаных на 2 гады калоніі за вядзенне жывога рэпартажу з месца пратэстаў. Узгадалі і пра ўдзельнікаў пратэстаў, забітых беларускімі сілавікамі, або загінулых пасля затрымання ў падазроных умовах.

«Мы таксама ведаем пра жудаснае абыходжанне з затрыманымі жанчынамі. І пра пагрозы забраць іхных дзяцей. Прыніжэнне ўсіх відаў: збіццё, пагрозы, запужванне. Гэта ўсё трэба высветліць. Я сустракаўся з Лукашэнкам двойчы. Ён прыгнятальнік, ён як маньяк – мы ўсе гэта ведаем. А для тых, хто цяпер за кратамі, мы мусім знайсці эфектыўную стратэгію, каб умяшацца, і зрабіць гэта тэрмінова», – падкрэсліў кангрэсмен Крыс Сміт, аўтар закону Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.

Асноўнае пытанне ад кангрэсменаў – якія канкрэтныя крокі могуць зрабіць Злучаныя Штаты, а таксама Еўразвяз. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што толькі дапамогі праваабарончым, недзяржаўным арганізацыям, а таксама распаўсюду інфармацыі недастаткова. І заклікала пашыраць «чорныя спісы» на суддзяў, афіцэраў спецслужбаў, чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі, і на актывы прыдворных алігархаў Лукашэнкі.

«Проста каб спыніць гэты ўзровень гвалту, проста каб пачаць перамовы, пачаць дыялог, нам трэба большы ціск на рэжым Лукашэнкі. І ў гэтым сэнсе санкцыі – найбольш моцны рычаг уплыву», – патлумачыла Святлана Ціханоўская.

Кангрэсмены запэўнілі, што ідзе збор інфармацыі аб чыноўніках, адказных за палітычныя рэпрэсіі і падтрымку рэжыму Лукашэнкі, і што Злучаныя Штаты не пакінуць беларусаў у сітуацыі гуманітарнага крызісу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».