Cудовы канвеер не спыняецца: атрымаць тэрмін можна нават за абарону сваёй маці


7 снежня, калі ў дом пінчукоў Дубнавіцкіх прыехалі з вобшукам, сабака на мянушку Бобік – не змаўкаў. Міліцыянты пайшлі вакол дому, а супрацоўнікі МНС – пілавалі дзверы. Ператрус быў наступствам затрымання ў траўні невядомымі гаспадыні гэтага дому – Веры Мікалаеўны. Абвінавачаная паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу («Гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў») 25-гадовая Людміла Дубнавіцкая згадвае:

«Яны піхалі маму, зацягвалі ў машыну. У выніку гэтых дзеянняў, калі я спрабавала даведацца, хто гэтыя людзі, па якой прычыне прыехалі і чаму так жорстка забіраюць маю маму, адзін з гэтых людзей прышчаміў мне палец дзвярыма аўтамабіля».

Дзяўчыну асудзілі за супраціў міліцыянтам – год абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі і 44 капейкі выдаткаў на экспертызу. Хоць першапачаткова гэта яна падала заяву ў пракуратуру на дзеянні невядомых. Сёння ў судзе міліцыянт адмовіўся ад прапанаваных пракурорам BR 2900 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Асуджаная з выракам я не згодная і мае намер яго абскардзіць у Берасцейскім абласным судзе. Магчыма, атрымае тэрмін і мянчук Ягор Сугойдзь, які ў значна большай ступені пацярпеў ад сілавікоў. Пасля выбараў 9 жніўня ён наскочыў на аўтазак і паваліўся з яго, калі той ехаў на поўнай хуткасці. Потым была больніца і… Следчая турма № 8. Сёння распачаўся працэс – за ўдзел у масавых закалотах. Дзядзька падсуднага Уладзімір Сугойдзь лічыць: «Чалавек выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, пацярпеў, яму цяпер лячыцца трэба, а пракурор дапытваецца, капаецца».

У судзе Фрунзенскага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні чатырох жыхароў сталіцы – Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Уладзіміра Кацкеля. Судзяць паводле трох артыкулаў, максімальную адказнасць – 12 гадоў у няволі, прадугледжвае 218-ы артыкул («Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці») .Яшчэ аднаго моцна збітага байцамі ГУБАЗіК мужчыну – архітэктара Вадзіма Дзмітрыенку – суд Цэнтральнага раёну Менску выслаў сёння на 3 гады «хіміі». Затрымлівалі яго 15 лістапада на Плошчы Пераменаў. За стрым з тых падзеяў асудзілі на 2 гады калоніі і нашых каляжанак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Уладзь Рымша, сябар асуджанага, кажа:

«Прыйшлі такія часы, як у Буніна «окаянные дни», калі мы цешымся што чалавеку ні за што прысудзілі 3 гады «хіміі» з адбываннем ва ўстановах».

У судзе Партызанскага раёну Менску сёння ішло змаганне за вызваленне з-пад варты сябры прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай. Палітзняволенай напярэдадні падоўжылі тэрмін утрымання да 8 траўня. Абвінавачанняў супраць Марыі – тры. Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады, нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы і кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем. Максімальная адказнасць – 12 гадоў.На бясконцыя суды падтрымаць абвінавачаных штодня прыходзяць неабыякавыя беларусы. Сярод іх жыхарка сталіцы Вікторыя:

«Пішу вельмі шмат лістоў, стараюся падтрымліваць паштоўкамі, ладзім разнастайныя марафоны».

Людзі салідарызуюцца, журналісты асвятляюць, за што і атрымліваюць штрафы. Віцебскага журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча аштрафавалі на BR 1740 за нібыта незаконнае стварэнне двух матэрыялаў для старонкі belsat.eu. Той пракаментаваў:

«Суддзі Шыдлоўскаму я падарыў кніжку Оруэла «1984», антыўтопію, якую лічу сёння адным з найбольш актуальных для Беларусі раманаў. Я апеляваў да чалавечнасці, але не пракаціла, як кажуць», – развёў рукамі журналіст.

Генпракуратура рапартавала, што на гэты момант асудзілі больш за 400 удзельнікаў пратэстаў. У суды перадалі 468 крымінальных справаў у дачыненні 631-ой асобы. Дзеянні людзей кваліфікуюць як грубае парушэнне грамадскага парадку, гвалт у дачыненні праваахоўнікаў, публічныя абразы, апаганьванне надпісамі чужой маёмасці, здзек з чырвона-зялёнага сцягу.

«Праваахоўныя органы працягваюць раскрываць злачынствы супраць грамадскай бяспекі, якія мелі месца ў 2020 годзе. Пры гэтым органы пракуратуры прымаюць дадатковыя захады па актывізацыі следства, вышуку вінаватых у супрацьпраўных дзеяннях, якія, магчыма, разлічвалі застацца неўстаноўленымі», – вытрымка за заявы Генеральнай пракуратуры.Толькі на бот «Белсату» ад «неўстаноўленых» беларусаў штодня прыходзіць да 50 паведамленняў з інфармацыяй, фота і відэа іхнага пратэсту.

Юлія Цяльпук, «Белсат»