Лукашэнка вызначыў, як пройдуць наступныя выбары


Лукашэнка падпісаў закон, які ўносіць змены ў Выбарчы кодэкс. Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справе выбараў Аляксандр Шлык падзяляе змены на тры катэгорыі. Першая – дапасаванне выбарчага працэсу пад новую Канстытуцыю Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З’яўляюцца раздзелы Выбарчага кодэксу, якія датычаць так званых выбараў ва Усебеларускі народны сход. Выбарамі гэта назваць немагчыма. Другі аспект такіх зменаў, прывядзенне ў адпаведнасць з новым тэкстам Канстытуцыі, – гэта пытанне, датычнае фармавання Цэнтральнай выбарчай камісіі. Бо ў Кодэксе было прапісана, як яна фармуецца, а цяпер значную ролю будзе адыгрываць Усебеларускі народны сход».

Наступная матывацыя ўладаў – забяспечыць сабе больш лёгкае ўзаемадзеянне з грамадзянамі, якія з сістэмай узаемадзеяць не хочуць. Гэта, напрыклад, забарона фота- і відэаздымання бюлетэня. Кандыдаты на дэпутатаў не могуць мець грамадзянства замежнай дзяржавы, карты паляка. А таксама адмянілі парог яўкі, каб прызнаць выбары ў Палату прадстаўнікоў легітымнымі.

«Людзі не гатовыя да супрацы з выбарамі, і існуе рызыка, што настолькі мала людзей на выбары парламенцкія ці мясцовыя, што трэба будзе ўкідваць настолькі шмат бюлетэняў», – тлумачыць Аляксандр Шлык.

Трэцяя катэгорыя зменаў – тэхнічныя папраўкі. Напрыклад, аптымізавалі час датэрміновага галасавання: прыбралі непатрэбны перапынак на дзве гадзіны ў дзень галасавання.

Нібыта логіку рэжыму ў патрэбе паправак можна прасачыць, але які ўвогуле сэнс усіх гэтых зменаў – і ў Канстытуцыі, і ў Выбарчым кодэксе, – калі на практыцы не да законаў?

«Улады гавораць пра тое, што жыццё не стаіць на месцы, у нас віруе палітыка. «Глядзіце, мы ўносім змены ў Канстытуцыю, мы мяняем заканадаўства. Ну, усё як у людзей». Галоўны сэнс усяго гэтага – імітацыя палітычнага жыцця ў Беларусі», – адказаў кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Імітуюць і на міжнароднай арэне. Раней старшыня ЦВК Ігар Карпенка выказаўся, што ўладам Лукашэнкі абыякава, ці прыедуць міжнародныя назіральнікі АБСЕ:

«Не прынцыпова, колькі будзе міжнародных назіральнікаў, прыедуць тыя ці іншыя, не прыедуць і гэтак далей. Нашая задача – арганізаваць выбарчы працэс у адпаведнасці з заканадаўствам».

Некаторыя інтэрпрэтавалі словы чыноўніка як нежаданне бачыць міжнародных назіральнікаў на выбарах. Але Анатоль Лябедзька думае, што, наадварот: улады не супраць выкарыстаць АБСЕ ў сваіх мэтах.

Правядуць зачысткі на палітычнай прасторы, пакінуць сваіх альтэрнатыўных кандыдатаў. У такім выпадку маштабныя фальсіфікацыі на самых выбарах не патрэбныя. Дык чаму б і назіральнікаў не запрасіць?

«Змянілася матывацыя ў беларускіх уладаў. Яны хацелі б, каб міжнародныя назіральнікі прыехалі, зафіксавалі іх субʼектнасць, а з другога боку, каб ім прадаць у сваёй упакоўцы тое, што не можа разглядацца як выбары, але ў беларускіх рэаліях яны б выглядалі як нешта падобнае на выбары, якія праводзяцца ў цывілізаваных краінах», – лічыць Анатоль Лябедзька.

Аналітыка
Падрыхтоўка да СССР 2.0 ці руцінныя перамовы? Чаго чакаць ад перамоваў Лукашэнкі і Пуціна
2023.02.17 16:20

ЦВК пастанавіла зрабіць 25-га лютага наступнага года адзіным днём галасавання. Выбары ў парламент і Менскі гарадскі савет дэпутатаў адбудуцца ўжо паводле новага кодэксу.

Яна Шэк, «Белсат»