«Каронавірус – усё?»


Каронавіруса больш няма. Прынамсі паводле так званых уладаў Беларусі. Міністэрства аховы здароўя выключыла Covid-19 са спісу хвароб, якія ўяўляюць небяспеку для насельніцтва. Адпаведны дакумент ад сёння ўступае ў сілу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каронавірус уварваўся ў інфармацыйную прастору першым афіцыйным паведамленнем пад канец 2019 года. Пераход ад жартаў пра з’едзенага кажана да асэнсавання сурʼёзнасці праблемы адбыўся ў свеце вельмі хутка. Але не ва ўладаў Беларусі.

«Свет зварʼяцеў ад каронавіруса. Мы адэкватна рэагуем на гэта. І даўно рэагуем, і кропкава рэагуем. Часцей мыйце рукі, своечасова снедайце і вячэрайце», – казаў Лукашэнка ў 2020-м.

Неўзабаве ва ўсім свеце ўводзяцца небывалыя эпідэмічныя захады, жорсткі каранцін, закрыццё межаў. У Беларусі ж праводзіцца адзіны ў свеце чэмпіянат па футболе, канцэрты на «Менск-арэне», масавы загон людзей на святкаванні дзявятага траўня. І абвяшчаюцца фірмавыя аўтарскія методыкі лячэння.

«Гарэлкай трэба не толькі рукі мыць, але, напэўна, у дзень 40-50 грам у пераліку на чысты спірт, травіць гэты вірус. Але не на працы, схадзіце ў сухую лазню», – прапанаваў Лукашэнка.

Лячэнне трактарам, маслам, ці козачкамі хутка сталі хітамі інтэрнэту. Нічога больш прадуктыўнага дзяржава не прапаноўвала. Палітыка неўмяшання не магла не пасеяць у беларускім грамадстве незадавальнення дзеяннямі ўлады. Такое «ковід-дысідэнцтва» магло спрычыніцца да росту пратэставых настрояў у Беларусі.

«Каронавірус і тое бяздзеянне дзяржавы стала адной з перадумоваў палітычнага працэсу 20 года. Бо беларусы пабачылі, што дзяржава іх кіне і нічым не дапаможа, а самі беларусы зразумелі, паверылі ў свае сілы, пераканаліся, што нізавыя ініцыятывы, валанцёрства – гэта спрацуе. Што мы можам самі свае справы вырашаць. І вядома гэта стала не адзіным чыннікам выбарчай кампаніі, але адзін з іх», – сказаў Вадзім Мажэйка, каардынатар эксперт сеткі «Наше мнение»

Чыноўнікі ад медыцыны не рабілі асаблівых высноваў паміж хвалямі захворвання, а афіцыйная статыстыка, як заўважалі многія, мела мала агульнага з рэчаіснасцю. Гэта магло негатыўна паўплываць на працу ўсёй сістэмы аховы здароўя.

«Калі ў нас такі фасадны характар аховы здароўя, нам галоўнае – прыгожая статыстыка, якую трэба перадаць наверх, атрымліваецца, што і далей будзе ўсё роўна, як мы будзем рыхтавацца. Чорт з ім! Любая пандэмія пройдзе. Яна можа забраць на тысячу больш жыццяў, а можа і на тысячу менш. Але нас гэта, па ўсім відаць, не турбуе», – выказаў сваё меркаванне Уладзімір Мартаў, былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай больніцы хуткай дапамогі.

Лукашэнка ж дэманстрацыйна працягваў не заўважаць хваробу, грэбліва называць медычныя маскі «наморднікамі». Сам жа публічна надзеў маску толькі аднойчы: падчас сустрэчы з Сі Цзінь Пінам. Маску з… кітайскім сцягам.

«Адна справа называць маскі наморднікамі і сядзець са сваімі чыноўнікамі ці ў беларускіх шпіталях, дзе ніхто не можа нічога забараніць. А з Сі Цзінь Пінам кішка танка прабачце. Сказаць Сі, што твая маска – наморднік, здымі яе, Лукашэнка не можа. Гэта прыклад таго, што Лукашэнка прызнае кітайскую сілу і нармальна пад яе прагібаецца і не спрабуе выпендрывацца і хадзіць без маскі» – падсумаваў Вадзім Мажэйка.

Важна ж насамрэч тое, каб каронавірус скончыўся сапраўды, а не толькі ў дакументах лукашэнкаўскага Міністэрства аховы здароўя.

Андрэй Сульжыц «Белсат»