Пад відам беларускіх гатункаў бульбы Беларусь падсоўвае галандскія


У Беларусі «больш несвабодная» эканоміка – зрабілі выснову даследнікі «The Heritage Foundation», беручы пад увагу такія фактары, як экалогія, заканадаўчая роўнасць, падаткі, санкцыі ды гэтак далей. І ўжо ад пачатку года імідж краіны падае. Рэгуляванне коштаў, абмежаванне экспарту і рээкспарт гародніны, якая адрозніваецца ад заяўленай у накладных. Вось свежы прыклад. Завезенай ад нас бульбе абвесцілі байкот армянскія фермеры: пад відам беларускіх гатункаў Сінявокая падсоўвае галандскія.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле дакументаў – беларуская, пад скуркаю – нідэрландская. Знаўцам не складана высветліць паходжанне гатунку. «Аграрна-сялянскі саюз Арменіі» заклікаў урад адмовіцца ад беларускага пастаўляльніка, які завозіць у Арменію падробленае насенне.

«Гэтая краіна кожным разам заяўляе пра элітарнае насенне бульбы, хаця займаецца звычайным падробліваннем насення з Еўропы: змяняе этыкетку і прапаноўвае, у тым ліку армянскім фермерам, насенне па 180 драмаў (30 цэнтаў) за 1 кг. Яны не маюць права прадаваць тое насенне пад сваім імем, бо гэта ўласнасць пераважна нідэрландскіх кампаніяў, – заявіў старшыня звязу Грач Бэрбэр’ян.

Пераклейванне этыкетак на бульбе найбольш эканамічна выгаднае рэзідэнтам айчынных Свабодных эканамічных зон, якія маюць прэферэнцыі ў выпадку рээкспарту – заўважыў навуковы працаўнік Цэнтру BEROC Алег Мазоль. Займацца ценявым перапродажам СЭЗы працягнуць і пасля заяўленага на снежань увядзення эмбарга – лічыць ён. Не выгадна будзе і замяшчаць насенную бульбу для сябе:

«Спроба «імпартазамясціць» насенную бульбу можа аказаць негатыўны ўплыў на ўраджайнасць бульбы ў самой Беларусі, паколькі па выніках 2020 года валавы збор бульбы і без таго знізіўся прыкладна на 17 %», – кажа Алег Мазоль.

Неўраджаі штурхаюць інфляцыю, бачым на прыкладзе айчыннай эканомікі і сусветнай, якая пацярпела летась праз неўраджай збожжа і меншыя надоі малака. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання Беларусі заявіла, што інфляцыя ўнутры краіны – галоўным чынам імпартаваная. Не галоўным чынам, але значна – папраўляе кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін:

«Калі мы размаўляем пра спажывецкія тавары, то тут інфляцыя імпартаваная. Бо калі МАРТ спрабуе стрымліваць цэны – атрымлівае дэфіцыт. Што нам пра гэта кажа? Тое, што гэтыя нашыя беларускія прадукты можна вывезці на экспарт і прадаць там за лепшыя грошы».

Што цяпер і адбываецца на паліцах крамаў. Праз дэфіцыт, але ўперамешку з імпартазамяшчэннем беларускія харчы знікаюць. Заменнікі на іх – пераважна расейскія. Каб нашыя вытворцы не вывозілі харчы, цэны на якія дзяржава абмежавала, МАРТ прыпыніў экспарт некаторай гародніны, а сёння (на паўгода) таксама цукру.

«Тут трэба не стрымліваць цэны, а працаваць над тым каб заробкі раслі хутчэй, чымся цэны. То бок каб людзі багацелі хутчэй, чым яны страчваюць праз цэны», – кажа Кавалкін.

Такія паводзіны не застаюцца незаўважанымі. У штогадовым даследаванні эканамічнай свабоды The Heritage Foundation, дзе фігуруюць 184 краіны, Беларусь за год абвалілася з 95-га на 135-ы. Гэта азначае, што з інвестыцыямі можна развітацца – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук:

«135-ае месца – найгоршае ў Еўропе – гэта Беларусь. Адэкватная адзнака таму што адбываецца ў нашай краіне і як наступства, я думаю, у бліжэйшыя 2 гады трэба спадзявацца, што станецца найбяднейшай краінай Еўропы».

Беларусь трапіла ў катэгорыю «mostly unfree», у адной лодцы з Угандаю, Кыргызстанам, Кувейтам, а таксама Расеяй і Украінай.

«Украінцы ўсё больш і часцей ставяць пытанне, што 3 выбараў прайшло і ў трэці раз ва ўладзе апынуліся людзі, якія па сутнасці зʼяўляюцца нейкімі блізнятамі беларускага рэжыму – у кантэксце эканамічнай палітыкі», – лічыць Яраслаў Раманчук.

Украіна аднак сярод нямногіх сусветных прыкладаў, калі прыход дэмакратыі не забяспечыў свабоднага рынку.

Юлія Цяльпук, «Белсат»