Ігар Ільяш: прысуд журналісткам будзе прысудам дзяржаве


Па два гады пазбаўлення волі запатрабавала пракурорка Аліна Касьянчык для Дар‘і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай. На сённяшнім, трэцім, паседжанні ў Фрунзенскім раённым судзе Менску адбыліся агляд рэчавых доказаў, а таксама спрэчкі бакоў. Абарона перадала вынікі шэрагу лінгвістычных экспертызаў.

«Адна экспертыза прадстаўніка Акадэміі навук Аляксандра Лукашанца, адна экспертыза расейскіх адмыслоўцаў у галіне псіхалагічна-лінгвістычнай. Плюс заключэнні праваабарончай арганізацыі «Article 19» і БАЖу», – распавядае муж Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш.

Адмыслоўцы ацэньвалі тэкст рэпартажу, што Кацярына Андрэева вяла з плошчы Пераменаў падчас разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Ніхто з экспертаў не знайшоў заклікаў да актыўных дзеянняў у словах журналісткі.

«Заключэнне адмыслоўцаў у гэтай галіне пракурорка назвала суб’ектыўным», – адзначае Ігар Ільяш.

Адвакаты адзначалі, што падчас акцыі на плошчы Пераменаў не было і таго грубага парушэння грамадскага парадку, у якім вінавацяць Кацярыну і Дар’ю.

У апошнім слове журналісткі прасілі апраўдальнага прысуду. На апраўданне разлічвае і адвакат Сяргей Зікрацкі:

«Я маю намер абскарджваць кожны прысуд, акрамя апраўдальнага. Нават калі гэта будзе не пазбаўленне волі. Кожны прысуд, якім будзе ўстаноўлена, што Кацярына і Дарʼя здзейснілі злачынства, будзе абскарджаны».

Прысуд у справе журналістак суддзя Наталля Бугук мае вынесці заўтра а дзясятай.

«Калі суддзя пастановіць усё ж пасадзіць дзвюх журналістак за іхную прафесійную дзейнасць, гэта будзе прысудам не ім, гэта будзе прысудам дзяржаве, судовай сістэме і тым людзям, якія спрычыніліся да гэтага ганебнага пераследу журналістаў», – лічыць Ігар Ільяш.

У абарону беларускіх журналістаў, якія зазнаюць ціск ад уладаў, ужо выступіў шэраг міжнародных арганізацыяў.

Старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў пытаннях сувязяў з Беларуссю Робэрт Бедрань адзначае, што Еўрапарламент у сваёй рэзалюцыі заклікае Еўракамісію да падтрымання свабодных і незалежных медыяў у Беларусі.

«Арышты і пераслед журналістаў настолькі жорсткія, што гэта вымагае рэакцыі. Еўразвяз ужыў адпаведныя захады, мы будзем падтрымліваць незалежныя свабодныя медыі, якія змагаюцца за дэмакратыю, у Беларусі і па-за Беларуссю», – кажа Робэрт Бедрань.

Адмысловую супольную заяву ў звязку з учорашнімі ператрусамі ў дзясяткаў журналістаў і праваабаронцаў прынялі амбасады заходніх краінаў у Беларусі. У заяве асуджаюць пераслед грамадзянскай супольнасці Беларусі.

«Мы працягнем каардынаваць нашыя захады ў дачыненні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых», – гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва краінаў Еўразвязу, а таксама амбасадаў ЗША, Вялікай Брытаніі і Швейцарыі.

З заклікамі спыніць наступ на журналістаў і праваабаронцаў да ўладаў Беларусі звярнуліся таксама «Міжнародная амністыя», Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ, Міжнародная і Еўрапейская асацыяцыі журналістаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»