Як працуе канвеер завочных судоў над апазіцыянерамі


Працягваюцца завочныя суды над апанентамі Лукашэнкі. Фігуранты новага працэсу – кіраўнікі Каардынацыйнае рады беларускай апазіцыі. Гэтая структура ў 2020 годзе дамагалася мірнай змены ўлады ў Беларусі. Падсудным паводле новых законаў пагражае канфіскацыя маёмасці і нават пазбаўленне грамадзянства. Але падобна, што ад такіх судоў болей пацярпіць не апазіцыя, а будучыня краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад распальвання варожасці да спробы захапіць уладу і здрады дзяржаве. Колькасць крымінальных артыкулаў, выстаўленых пяці беларускім апазіцыянерам, уражвае. Працэс пачаўся сёння. Да будынку суда на знак салідарнасці з абвінавачванымі прыязджалі дыпламаты краінаў Еўразвязу. Але фігурантаў у зале няма. Іх судзяць завочна.

«Гэта не суд, а помста з боку Лукашэнкі. Помста не толькі мне, але і ўсяму беларускаму народу, які паўстаў у 2020 годзе. З 2020 года правасуддзе ператварылася ў машыну рэпрэсіяў і тэрору. Гэтыя завочныя суды, калі людзі нават не могуць абараняцца, парушаюць нашыя фундаментальныя грамадзянскія правы і свабоды», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская і яшчэ чацвёра фігурантаў праходзяць па справе Каардынацыйнай рады. Яе беларуская апазіцыя стварыла ў 2020 годзе, каб дамагацца паўторных прэзідэнцкіх выбараў і мірнай змены ўлады ў Беларусі. Лукашэнка абвінаваціў апанентаў у спробе тую ўладу захапіць.

Чальцы прэзідыуму Рады сталі мішэнню для рэпрэсіўных органаў. Юрыст Максім Знак і актывістка Марыя Калеснікава атрымалі дзесяць і адзінаццаць гадоў турмы адпаведна. Рэшта прэзідыуму, што фігуруе ў цяперашнім працэсе, паспела з’ехаць з Беларусі. Віны ніхто з іх не прызнае.

«Тое, што я не захацеў успрыняць для сябе лукашэнкаўскі фашыстоўскі рэжым – гэта і ёсць падстава для таго, каб мяне цяпер судзілі. Я проста не хацеў жыць быдлам, хацеў жыць чалавекам», – кажа абвінавачаны Сяргей Дылеўскі.

Прызначаныя дзяржаваю адвакаты ад кантактаў з падсуднымі ўхіляюцца. Суд адмовіў абвінавачваным у магчымасці браць удзел у паседжаннях праз відэасувязь. Матэрыялы для азнаямлення не выдаюцца. Маўляў, прыязджайце асабіста. Фігурантка справы Вольга Кавалькова мяркуе, што гэта толькі вяршыня айсбергу. Маштаб бяспраўя і рэпрэсіяў у Беларусі значна большы.

«Мы бачым, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, людзей затрымоўваюць за каментары, за падпіску на тэлеграм-каналы, за рэпосты, за фотаздымкі з 2020 года», – кажа фігурантка справы Вольга Кавалькова.

Гэта ўжо не першы завочны суд. Раней па дванаццаць гадоў атрымалі Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін з Беларускага фонду спартовай салідарнасці. У завочна асуджаных могуць канфіскаваць маёмасць і нават забраць беларускае грамадзянства. Ды болей шкоды гэта прынясе не апанентам Лукашэнкі, а будучыні Беларусі, мяркуе юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк. Бо псуецца імідж краіны ў вачах патэнцыйных інвестараў.

«Нават калі ўлада Лукашэнкі скончыцца, нам спатрэбіцца шмат часу, каб даказаць усяму свету, што мы, беларусы, – нармальныя, што мы падпарадкоўваемся праву, нам можна давяраць, прыязджайце да нас, інвестуйце ў нашую краіну», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Але завочны судовы канвеер не спыняецца. Гэтак, Генпракуратура накіравала ў суд справу былога беларускага амбасадара ў Аргентыне Уладзіміра Астапенкі. Артыкул нібыта крымінальны: маўляў, абвінавачваны выдаткаваў дзяржаўныя грошы на асабістую паездку. Астапенка сваю віну адмаўляе. Дыпламат вядомы тым, што ў дваццатым годзе адкрыта асудзіў ґвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў і падаў у адстаўку.

Валянцін Васіленка, «Белсат»