Распачаўся суд над Івуліным


У судзе Савецкага раёну Менску пачалі разбіраць крымінальную справу, распачатую супраць спартовага журналіста і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна. Справу разглядае Сяргей Шаціла. Падтрымаць спартоўца прыйшлі калегі, сябры і сваякі, але ў залу паседжання пусцілі ня ўсіх ахвотных – проста не хапіла месца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Жыве беларускі спорт» – фраза, якая сёння ў Беларусі небяспечная – і не толькі для спартоўцаў. Дзейнасць журналіста Аляксандра Івуліна палічылі грубым парушэннем грамадскага парадку. А гэта да 4 гадоў турмы або да 5 гадоў «хатняй хіміі».

«Я не веру ў бесстаронні суд цяпер у Беларусі і не веру, што там ёсць хтосьці адэкватны. Таму думаю, што Сашу дадуць тэрмін па максімуме. Але я веру ў сілу салідарнасці і справядлівасці. І веру, што справядлівасць пераможа», – каментуе падзею алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя.

Абвінавачвае і «Менсктранс», які выставіў Івуліну пазоў на 39 тысяч беларускіх рублёў нібыта за перакрыццё руху транспарту падчас акцыі пратэсту.

Аляксандр Івулін вядомы ў першую чаргу як карэспандэнт спартовага выдання «Трыбуна». Кантракт з менскім футбольным клубам «Крумкачы» ён падпісаў толькі летась. Вялікую ж папулярнасць Івулін набыў як аўтар YouTube-каналу «ЧестнОК», які асвятляў падзеі беларускага спорту і матэрыялы якога летась прызналі экстрэмісцкімі.

«Вас вінавацяць у тым, што вы выклалі відэазапісы заахвочвальнага характару пра сацыяльныя, палітычныя і міжнародныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі ў электаральны і постэлектаральны перыяд», – заявіў на сённяшнім паседжанні дзяржабвінаваўца.

«Я абсалютна не разумею, дзе там былі падахвочванні. Ні ў водным роліку не было ніводнага закліку нешта рабіць і нешта мяняць… Людзі дзяліліся сваймі думкамі, выказвалі свае думкі. Таму я не разумею сутнасці выстаўленага мне абвінавачання», – на гэта адказаў Аляксандр Івулін.

Упершыню Аляксандра Івуліна затрымалі 15 лістапада 2021 года падчас маршу памяці збітага да смерці Рамана Бандарэнкі. Тады яго пакаралі штрафам 30 базавых велічыняў. Другое затрыманне адбылося 3 чэрвеня 2021 года. Спачатку спартоўца арыштавалі паводле адміністратыўнай справы на 30 содняў нібыта за нацыянальны сцяг на вакне, а пасля Аляксандр стаў падазраваным у крымінальнай справе.

Сёння падчас суда ў зале не было вольных месцаў – столькі людзей прыйшло падтрымаць спартоўца. І гэта не ўлічваючы тых, хто ня змог прысутнічаць там фізічна.

«Паў гады я свайго сябра не бачыў. Ужо болей, чым паў гады. Мне яго, канешне, вельмі не хапае. Гэтая дата – 17 студзеня – абведзена чырвонай асадкай. Чакаю, і жахліва, бо не ведаю, чаго чакаць», – кажа спартовы журналіст Яраслаў Пісарэнка.

«Я вельмі спадзяюся, што вырак будзе не вельмі суровым. Напрыклад, тая ж хімія», – дадае спартовы трэнер Канстанцін Якаўлеў.

А вось так футбаліста і спартовага журналіста падтрымліваюць беларусы ў Беластоку. Тут штотыдзень ладзяць акцыі салідарнасці і супраціву, гэтым разам яна была прымеркаваная да пачатку судовага працэсу над Аляксандрам Івуліным.

«На кожнай нядзельнай акцыі мы аб Сашы ўспамінаем. У нас ёсць футболкі з ягоным нумарам», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

«Мы не маглі не падтрымаць яго, таму сённяшняя акцыя ў яго гонар. Наша возьме! Тун-тун! Саша абавязкова выйдзе. Жыве Беларусь!», – дадае другі.

Сённяшняе паседжанне ў справе Аляксандра Івуліна скончылася. Вырак спартоўцу пакуль не вынесены. Ужо заўтра адбудуцца выступы адваката і пракурора. Справу спартоўца вядзе гэтак званы суддзя Сяргей Шаціла. Менавіта ён у снежні 2020 адправіў у калонію на 2,5 гады за сарваную з амапаўца балаклаву беларуску са швейцарскім пашпартам Наталлю Хершэ. А таму, ці можна спадзявацца на нейкі «справядлівы» вырак, пытанне хутчэй рытарычнае.

Наста Печанькова, «Белсат»