Пятро Парашэнка вярнуўся ва Украіну


Аэрапорт Жуляны ў Кіеве. Пятага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку тут сустракалі некалькі тысяч ягоных прыхільнікаў. Актывіст Валяцін Быстрычэнка запэўніў: былы прэзідэнт – пад абаронай народу, народ прыехаў гэта паказаць. Народ не дазволіць яго проста так пасадзіць за краты. Таццяна Рычкова, паплечніца Пятра Парашэнкі, дадала: людзі, што сабраліся на лётнішчы, бароняць, найперш, дэмакратыю і дзяржаву.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Парашэнка пакінуў краіну дакладна месяц таму – адразу пасля таго, як ва Украіне яго западозрылі ў дзяржаўнай здрадзе і спрыянні тэрарыстычным арганізацыям. Сам ён тлумачыў, што паляцеў у міжнароднае турнэ, якое планавалася загадзя.

На памежным кантролі, скардзіцца Парашэнка, ягоны біяметрычны пашпарт спраўджвалі 15 хвілінаў. Ён упэўнены, што пускаць у краіну не хацелі. Аднак, паводле палітыка, сітуацыю ўдалося развязаць дзякуючы вялікай колькасці журналістаў побач.

Што тычыцца справы, то, паводле следства, гаворка ідзе пра імпарт вугалю ў першыя гады вайны, калі ва Украіне здарыўся энергетычны крызіс: Расея продаж заблакавала і ўкраінскую тэрыторыю з шахтамі акупавала. І нібы замест альтэрнатыўнага вугалю з Афрыкі Парашэнка арганізаваў куплю паліва з непадкантрольных тэрыторыяў Данбасу. Чым нібыта дапамог Расеі і прарасейскім сепаратыстам.

Сам палітык уважае справу за палітычную, і тое, што адбываецца, называе ціскам на яго з боку дзейнага прэзідэнта, які, на думку Парашэнкі, аддае незаконныя загады сілавікам, каб ціснуць на апазіцыю і дыскрэдытаваць дзяржаву ўва ўмовах рэальнага росту пагрозы расейскага ўварвання.

Пятра Парашэнку ў аэрапорце не арыштавалі. У Дзяржаўным бюро расследаванняў паведамілі, што следчыя спрабавалі ўручыць яму позву ў суд, аднак атачэнне Парашэнкі перашкодзіла зрабіць гэта. Праз дзве гадзіны пасля прылёту пятага прэзідэнта Украіны чакалі ў судзе. Выступіўшы на сцэне перад прыхільнікамі, ён туды і накіраваўся.

Патрабаванне пракуратуры – адправіць Пятра Парашэнку пад варту з магчымасцю выйсці пад грашовы заклад памерам 1 мільярд грыўняў (або амаль 36 мільёнаў долараў ЗША).

Марына Ступак, Яўген Шаўчэнка, «Белсат»