Чым забівалі беларусаў?


Сотні збітых, сур’ёзна траўмаваных, пакалечаныя, агаломшаныя і забітыя людзі. Падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі журналісты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці збіралі і дакументавалі выкарыстаныя патронныя гільзы і аскепкі боепрыпасаў, што заставаліся на вуліцах пасля дзеянняў так званых сілавікоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер жа Міжнародная федэрацыя за правы чалавека падсумавала і апублікавала гэтыя матэрыялы ў адпаведнай справаздачы. Вынік уражвае – большая частка найменняў з гэтай калекцыі зброі прыдатная да вядзення сапраўдных баявых дзеянняў. І выкарыстоўвалася зброя зусім не кропкава. Вось цытата з дакладу:

«Вялікая колькасць пацярпелых сведчыць аб тым, што ўлады, якія ўжылі сілу супраць натоўпу з небяспечнай адлегласці ў спробе разагнаць пратэст, ужылі яе не супраць асобна ўзятых агрэсіўных пратэстоўцаў, а без разбору супраць натоўпу, што паводле азначэння ёсць незаконным у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам».

У спісе зброі замежнай вытворчасці, што ўжывалася для разгону мірных акцыяў, напрыклад, помпавы драбавік «Рэмінгтан 870» на ўзбраенні ГУБАЗіКу, драбавікі «Мосбэрг Мавэрык 88» і помпавыя стрэльбы «Мосбэр 500» у АМАПу, «Алмазу» і «Альфы» – усё вытворчасці ЗША. Ружжо-драбавік «Фабарм» 12-га калібру і паўаўтаматычная стрэльба «Бэнэллі М-4 Супэр 90» у «Алмазу», «Альфы», АСАМу, СОБРу – з Італіі. Пісталет «Зыг-Заўэр П-226» вытворчасці Швейцарыя – Германія, паўаўтаматычныя пісталеты «Глок G-17» з Аўстрыі – на ўзбраенні у тым ліку ў «Альфы» КДБ і СБП.

Эксперт па зброі Алег Жданаў кажа:

«У руках адэкватнага чалавека з устойлівай псіхікай, які валодае сабой, гэтая зброя будзе выконваць функцыю стрымлівання, у руках неадэквата, або таго, хто атрымаў злачынны загад яна становіцца фактычна смяротнай зброяй».

Што тычыцца боепрыпасаў, выкарыстоўвалі святлошумавыя і атрутныя гранаты вытворчасці Польшчы, Чэхіі, Расеі і Украіны, патроны з Турцыі, Латвіі, Польшчы. Але якім чынам заходняя зброя трапіла ў Беларусь? Аўтары справаздачы дапускаюць, што яе прадалі беларускаму рэжыму ў парушэнне эмбарга Еўразвязу на экспарт зброі ў Беларусь праз сетку пасярэднікаў.

Аналітык Belarus Securitty Blog Зміцер Міцкевіч кажа з гэтай нагоды наступнае:

«Тыя краіны, якія падпісаліся пад санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі яшчэ даўно, – яны не пастаўляюць узбраення непасрэдна ў Беларусь. Аднак прыватныя фірмы, якія на тэрыторыі гэтых краінаў працуюць, часта робяць гэтыя пастаўкі праз трэція краіны, прытым зноў жа яны не могуць кантраляваць гэтага непасрэдна. Таму што яны пастаўляць гэта фірме з умоўных Арабскіх Эміратаў, куды пастаўкі не забароненыя».

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека накіравала запыты вытворцам зброі і ў адпаведныя міжнародныя інстанцыі наконт законнасці продажы зброі рэжыму Лукашэнкі.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»