Маўклівая (ня)згода: ці гатовыя настаўнікі перапісваць гісторыю?


Вось так, з гімна, пачалася відэасустрэча, арганізаваная нібы Міністэрствам адукацыі. З аднаго боку экрану – ідэолаг ведамства, а насамрэч – мастак і акцыяніст Уладзіслаў Бохан. З другога боку – настаўнікі гісторыі з Петрыкаўскага раёну, якім псеўдачыноўнік прапанаваў перапісаць гісторыю Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гісторыя – гэта тая дысцыпліна, што выкарыстоўваецца часцей не ў навуковых або асветніцкіх мэтах, а менавіта як інструмент прапаганды або насаджэння нейкай ідэалогіі. Бо гісторыя – гэта тое, чым часцей за ўсё любяць маніпуляваць з розных бакоў барыкадаў», – патлумачыў Уладзіслаў Бохан.

Вялікае Княства Літоўская і Рэч Паспалітая – перыяды акупацыі ўсходніх славянаў, а Кастуся Каліноўскага трэба цалкам прыбраць з падручнікаў. Гэта толькі некаторыя з прапановаў ідэолага да настаўнікаў Петрыкаўшчыны. Рэакцыя на гэткія антыбеларускія ідэі здзівіла Бохана:

«Я баяўся, што там знойдуцца тыя, якія актыўна будуць падтрымліваць тое, што я кажу. Але такіх не было»

А некаторыя настаўнікі нават запярэчылі.

Гэтая акцыя – ужо не першая ў калекцыі Уладзіслава. Прынамсі, раней ён прымусіў расейскіх настаўнікаў павіншаваць з днём народзінаў Уладзіміра Пуціна, трымаючы ў руках партрэты маладога Сцяпана Бандэры. І настаўнікі лёгка далучаюцца да гэткіх акцыяў, бо яны не вельмі адрозніваюцца ад захадаў, што прымаюць чыноўнікі ў Беларусі, мяркуе гісторык Аляксандр Пашкевіч:

«Настаўнікі да гэтага прызвычаіліся і таму гэтаму не супраціўляюцца, бо разумеюць, што па вялікім рахунку ніякіх правоў у іх няма, што яны нічога нікому даказаць не могуць, а нажыць праблемы на галаву – проста»

Паводле Уладзіслава Бохана, акцыя з настаўнікамі гісторыі паказала, што ў беларускіх школах яшчэ засталіся педагогі, не гатовыя знішчаць нашую мінуўшчыну. Але, адзначыў мастак, невядома, як павядуць сябе тыя ж педагогі, калі ў школы сапраўды прыйдуць падручнікі з гэткімі наратывамі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»