Ціск на палітвязняў у калоніях працягваецца


Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў будзе адбываць прысуд у папраўчай калоніі нумар дваццаць два ў Івацэвіцкім раёне на Берасцейшчыне. Родныя палітыка атрымалі кароткі ліст – пацверджанне, што ён дабраўся да месца і цяпер застаецца на каранціне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Піша, што нават давялося згаліць вусы. Увогуле, ліст вельмі кароткі, не падобны, як звычайна піша спадар Рыгор на некалькі старонак, там літаральна пятнаццаць радкоў. Бачна, што чалавек разгублены, цяжкі ліст вельмі», – кажа Зміцер Антончык, зяць палітыка.

Рыгор Кастусёў пакараны дзесяццю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, мае анкалагічнае захворванне. У адным з папярэдніх лістоў ён пісаў, што ягоны стан стабільны, кажа Зміцер Антончык. У СІЗА Кастусёву рабілі МРТ, але вынікаў не паказалі.

«Канешне, мы вельмі перажываем, як будзе дапамога аказвацца ў калоніі, бо вядома, што ў Менску з гэтым было прасцей. Таксама яшчэ незразумела, як будзе адбывацца перадача тых лекаў, якія мы перадавалі ад анкалогіі, якія дапамагаюць, са словаў спадара Рыгора», – кажа Зміцер Антончык.

Просьбу палітыка накіраваць яго для адбыцця пакарання бліжэй да дому – у Шклоў або ў Магілёў – не задаволілі. У Магілёў накіравалі Аляксандра Фядуту, пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміла ягоная жонка Марына Шыбко. Цяпер Аляксандр Фядута, якому прысудзілі дзесяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, таксама застаецца на каранціне.

«Піша, што першае знаёмства з новым месцам жыхарства прайшло нармальна, атрымаў казённую форму, якая цалкам прымальная, нават “кажан” (куртка, напэўна) цёплы і зручны, а чаравікі ўзяў на памер большыя, каб пры прыступе падагры залазілі ногі», – цытуе ліст Марына Шыбко.

У калоніі ў Ваўкавыску палітзняволеныя анархісты Мікіта Емяльянаў і Сяргей Раманаў баяцца за сваё жыццё. Праваабарончая ініцыятыва «dissidentBY» паведамляе пра моцны ціск на іх з боку адміністрацыі. Сярод астатняга, абодвух рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар ці памяшканне камернага тыпу.

«Акрамя таго, з дазволу адміністрацыі адбываюцца правакацыі, якія пагражаюць жыццю і здароўю вязняў. Лісты да іх з важнай інфармацыяй не прапускаюць нават ад сваякоў. Сяргей і Мікіта вымушаныя шукаць шляхі для таго, каб застрахаваць сваё жыццё. Яны апасаюцца, што іх напаткае трагічны лёс Вітольда Ашурка», – паведамляецца ў тэлеграм-канале «dissidentBY».

Анархіст Мікіта Емяльянаў адбывае пакаранне – тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. З леташняга жніўня яго змяшчалі ў карцар або ШІЗА агулам больш як на сем месяцаў і пазбавілі кароткатэрміновага спаткання. Сяргея Раманава адміністрацыя калоніі таксама нядаўна чарговы раз змяшчала на тыдзень у ШІЗА, паведамляе тэлеграм-канал «Права на паўстанне».

Праваабаронцы раяць у сітуацыі ціску як мага больш пашыраць інфармацыю, рабіць праблему максімальна гучнай.

«Тады, калі гэтая праблема перастае быць маленькім брудным сакрэцікам канкрэтнай калоніі ці канкрэтнага начальніка калоніі і нейкага прадстаўніка адміністрацыі, то гэта пэўны крок да таго, што гэтая праблема можа ўладкавацца. Бо нікому не хочацца быць вядомым мярзотнікам ці вядомым усім чалавекам, які замардаваў зняволенага», – кажа праваабаронца Павел Сапелка.

Усё больш інфармацыі з’яўляецца пра сітуацыю ў шклоўскай калоніі леташнім траўнем, калі там катавалі Вітольда Ашурка. Са словаў былога вязня калоніі, фізічны гвалт там звычайна ўчыняў аддзел рэжымна-аператыўнай працы разам з дзяжурнымі.

Намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы Аляксей Маскалёў аддаваў загады, старэйшы рэжымны аператыўны работнік Сяргей Карчэўскі сам збіваў і катаваў вязняў. Дапамагалі – рэжымныя інспектары Іван Галанаў і Віталь Краўчанка ды дзяжурныя памочнікі Павел Прохараў і Дзмітрый Удодаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»