Чым пагражае Лукашэнку ўдзел у вайне


У Беларусь працягваюць звозіць расейскую вайсковую тэхніку – ад танкаў да бензавозаў. Пра гэта паведамляюць маніторангавыя тэлеграм-каналы. А беларускае войска пасля дваццаць чацвёртага лютага ўвесь час праводзіць вайсковыя вучэнні і манеўры. Гэта прыкмета магчымага рыхтавання да вайны, адзначае вайсковы эксперт Паўло Лакійчук. У той самы час Расея не толькі завозіць, але і вывозіць з Беларусі тэхніку і боепрыпасы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі б Беларусь сама рыхтавалася да вайны, то наўрад ці яна аддавала б сваю тэхніку і боепрыпасы. Хаця калі гэта цяпер ужо армія Пуціна, то тады логіка з’яўляецца», – кажа Паўло Лакійчук.

Беларусь і Расея сапраўды фармуюць супольную групоўку войскаў на беларускай тэрыторыі. Афіцыйна – на просьбу Менску, які нібыта бачыць пагрозы з боку Захаду і Украіны. Паводле беларускага КДБ, да трохсот баевікоў плануюць ці планавалі прарвацца ў Беларусь з Украіны ў раёне гораду Маларыты, што на Берасцейшчыне. А адтуль – прабівацца на Менск. Вось Лукашэнка і звярнуўся да расейска-беларускага пагаднення пра рэгіянальную бяспеку ад дзевяноста сёмага года. Яно прадугледжвае магчымасць стварэння супольнай групоўкі войскаў.

«Калі звяртацца да літары і духу гэтага дакументу, то кіруе рэгіянальнай групоўкай беларускі генерал – начальнік генеральнага штабу», – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Але прымаць сурʼёзныя вайсковыя рашэнні без згоды Крамля Менск не будзе, кажа эксперт. Ва ўзгаданае пагадненне нядаўна ўнеслі змены, змест якіх не раскрываецца. Аляксандр Алесін мяркуе, што ідзецца пра тое, каб Беларусь дапамагла забеспячэнню расейскай арміі.

«Каб не толькі беларуская армія сваімі запасамі, але і вайскова-прамысловы камітэт праз вытворчасць зброі і прадукцыі падвойнага прызначэння ўзмацнілі баявую магутнасць расейскай арміі. Падобна, што ВПК Расеі не дае рады», – мяркуе Аляксандр Алесін.

Магчыма, пра гэта будуць гаварыць падчас сустрэчы ў Менску Лукашэнка і Пуцін, а таксама міністры абароны дзвюх краінаў. Але на фоне чутак пра ўступленне беларускага войска ў вайну гэтыя перамовы ўспрымаюцца як трывожны сігнал. Лукашэнка запэўнівае, што абмяркоўваць будуць пытанні інтэграцыі без намёкаў на канспіралогію. Але, як вядома, ягоныя словы ў выніку могуць разыходзіцца з дзеямі. Напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Лукашэнка, магчыма, спадзяваўся атрымаць бонусы за суўдзел у агрэсіі.

«Была такая цікавая, амаль канспіралагічная версія, што калі ўсё было спланавана і калі расейцы за тры дні хацелі ўзяць Кіеў, то Лукашэнку тады паабяцалі порт у Адэсе», – кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Цяпер, на ягоную думку, рызыкаў для Лукашэнкі ў выпадку беспасярэдняга ўдзелу ў вайне значна болей, чым імаверных выгадаў. Калі беларускія вайскоўцы пачнуць вяртацца з фронту ў трунах.

«Гэта можа падарваць асновы той сістэмы, якая сяк-так склалася і замарозілася ў Беларусі пасля 2020 года. А каб утрымліваць сітуацыю, у Лукашэнкі наўрад ці будзе досыць рэсурсаў. Можа вялікі выбух сацыяльны здарыцца», – мяркуе Дзмітрый Балкунец.

Паводле Мінабароны Украіны, новы маштабны наступ расейскіх войскаў на Кіеў магчымы, прычым не пазней за люты. Ці задзейнічаюць беларускае войска – пытанне адкрытае. Аднак у Беларусі трываюць масавыя выклікі вайсковаабавязаных у ваенкаматы для так званага ўдакладнення звестак.

Валянцін Васіленка, «Белсат»