Ці з'явяцца ў Беларусі заходнія вакцыны?


За апошнія два гады гэтыя словы грунтоўна ўвайшлі ў нашую паўсядзённасць. Падобна, што ўрады большасці краінаў свету даўно зразумелі як неабходнасць самой вакцынацыі, так і важнасць наяўнасці ў людзей выбару – якой вакцынай прышчапляцца. І гатовыя дапамагаць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

Прынамсі, Урсула фон дэр Ляен заявіла наступнае:

«ЕЗ падзяліўся з нашымі ўсходнімі партнёрамі 13 мільёнамі дозаў вакцыны. Будзе больш. Еўракамісія падпісала € 35-мільённае пагадненне з польскім Банкам развіцця аб павелічэнні паставак вакцын усходнім партнёрам. Мы таксама гатовыя забяспечыць вакцынамі беларусаў. Мы адабралі вакцыны ў асобную партыю вакцынаў, і мы шукаем шляхоў для таго, каб даставіць іх у Беларусь як мага хутчэй».

Але як жа даставіць беларусам бясплатныя заходнія прышчэпкі, калі на міжнародным парадку дня ў пандэміі бываюць свае паказальныя выключэнні – гаворка аб паводзінах урадаў некаторых краінаў. Часам ад татальнага адмаўлення ці ігнаравання праблемы каронавіруса – да выкарыстання пытання хваробы і вакцынацыі ў палітычных мэтах. Узяць хаця б адыёзнага бразільскага прэзідэнта Бальсанару ці больш знаёмага беларусам персанажа з яго словамі аб тым, што заходнія прышчэпкі хочуць завезці ў Беларусь, каб апазіцыя потым ездзіла на захад па кансультацыі.

Відавочна, беларускі рэжым у тэме вакцынацыі лёгкіх шляхоў не шукае. На фоне ўжо неаднаразовых заяваў Еўропы аб гатоўнасці бясплатна пастаўляць прышчэпкі ў Беларусь напярэдадні з‘явілася інфармацыя, што Беларусь набыла ў Расеі новую партыю расейскай выкцыны «Спутнік V» на 42 мільёны долараў. Пры гэтым лукашэнкаўскія чыноўнікі блытаюцца ў сведчаннях. Так, паводле ранейшых заяваў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, кошт двух кампанентаў «Спутнік V» склаў 20 долараў, у той жа час так званы сенатар Міхаіл Русы называў кошт 40 долараў. Журналістка Таццяна Бублікава, якая прафесійна займаецца тэмаю вакцынацыіі кажа наступнае:

«Тое, што мы зараз бачым на рынку вакцын – гэта так званая вакцыйная дыпламатыя. Расея, як і іншыя вытворцы вакцынаў, на дзяржаўным узроўні робіць крокі, каб распаўсюдзіць свой уплыў і захапіць частку выкцыйнага рынку. І ёй гэта ўдаецца»

Падобна аднак, што альтэрнатыва ў беларусаў усё ж будзе. І… зноў з Расеі. Стала вядома, што Міністэрства аховы здароўя выдала дазвол на ўвоз і прымяненне новай інактываванай расейскай вакцыны «Кавівак», што распрацавалі ў РАН. Больш за 300 тысяч дозаў ужо адпраўленыя ва ўсе вобласці Беларусі. Аб’яднанне беларускіх медыкаў «Белыя халаты» паведамляе, што «Кавівак» на гэты момант застаецца яшчэ ў трэцяй фазе даследавання, і дастатковай інфармацыі аб эфектыўнасці дадзенай вакцыны няма. Гэта не адпавядае стандартам для ўкаранення прэпарату ў масавае выкарыстанне.

Лекар Алег Дарашкевіч выказваецца пра новую вакцыну так:

«Сапраўды, яна яшчэ не прайшла поўны цыкл даследаванняў, але думаць, што будуць нейкія ўскладненні ад натуральнага віруса не выпадае, галоўнае, каб тэхналогія выконвалася пры вырабе. Мы не павінныя баяцца, што гэтая вакцына прынясе нейкую шкоду нашым людзям, але можам толькі шкадаваць, што ўсе магчымасці для барацьбы з каронавірусам нашай уладай не выкарыстоўваюцца з палітычных чыннікаў».

Тым часам, паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія содні ў Беларусі каронавірусам заразіліся 1596 чалавек, памерлі 16.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»