Ці выцягне беларускую эканоміку экспарт у Расею?


Расейскія вытворцы цэменту б’юць трывогу: на ўласным рынку іх цясняць канкурэнты з Беларусі. За дзесяць месяцаў у Расеі прадалі каля мільёна трохсот тысяч тонаў беларускага будаўнічага матэрыялу. Амаль столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год. Галоўны фактар – цана: беларускі цэмент таннейшы за расейскі на 5 і болей адсоткаў. Магчыма, прычына ў дэмпінгу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дэмпінг сябе апраўдвае ў тым плане, што можна спрабаваць істотна знізіць цану, каб павялічыць вытворчасць, такім чынам забяспечыць загрузку вытворчых магутнасцяў і выйсці на нейкую прыбытковасць пры першапачатковай стратнасці экспарту», – кажа навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль.

Расейскія ж вытворцы ўказваюць на ільготны рэжым, які беларуская дзяржава стварыла сваім цэментавым заводам.

«Вытворцы цэменту з Беларусі атрымліваюць значную колькасць субсідыяў ды іншых ільготаў з боку дзяржавы. Сярод захадаў дзяржпадтрымання, напрыклад, пагашэнне запазычанасці па крэдытах, вызваленне ад падатку на нерухомасць і зямельнага падатку», – піша расейскі партал «РБК».

А мытам гандаль паміж саюзнымі дзяржавамі не абкладаецца. Адпаведна, беларускія вытворцы могуць прапанаваць расейскім пакупнікам лепшыя цэны. У выніку 70 адсоткаў імпартнага цэменту ў Расеі паходзіць з Беларусі. Нарошчванне паставак пагражае закрыццём мясцовых прадпрыемстваў.

«Рост імпарту да 5 мільёнаў тон прывядзе да выцяснення з рынку і закрыцця 2–3 расейскіх цэментавых заводаў. Павелічэнне імпарту на 1 мільён тон азначае закрыццё аднаго цэментавага заводу», – піша «РБК», спасылаючыся на прадстаўнікоў галіны.

Расейскія вытворцы звярталіся да ўладаў, але тыя не спяшаюцца абмяжоўваюць імпарт беларускага цэменту. Хаця раней гандлёвыя войны паміж Беларуссю і Расеяй здараліся. Напрыклад, расейскія чыноўнікі забаранялі імпарт беларускіх прадуктаў. Магчыма, Крэмль свядома дазваляе рэжыму Лукашэнкі зарабіць, каб падтрымаць штаны саюзніка. Але гэтая ідылія ненадоўга, мяркуе адмысловец у міжнародных эканамічных дачыненнях Алесь Чайчыц.

«Трэба, канечне, разумець, што гэтая сітуацыя штучная і не доўгатэрміновая. Ёсць расейскія канкурэнты, ва ўсіх пагаршаецца фінансавае становішча, таму будзе больш жорсткая барацьба за гэты рынак», – кажа Алесь Чайчыц.

Чайчыц параўноўвае расейскіх і беларускіх вытворцаў з павукамі ў слоіку. І першыя, і другія трапілі пад заходнія санкцыі ды цяпер вымушаныя змагацца за, бадай, адзіны даступны рынак – расейскі. У гэтай барацьбе пойдуць у ход усе сродкі: у тым ліку, лабіяванне расейцамі сваіх інтарэсаў. Таму радасць рэжыму Лукашэнкі ад агульнага росту экспарту ў Расею можа аказацца кароткаю.

«Цяпер і сама расейская эканоміка пачувае сябе не вельмі ўпэўнена. І калі ў Расеі наступіць поўнамаштабны эканамічны крызіс, то ён ударыць і па Беларусі. А, магчыма, і з апярэджаннем, і гэты крызіс настане ў Беларусі раней, чым у Расеі», – мяркуе Алесь Чайчыц.

Асноўны фактар крызісу – заходнія санкцыі, што маюць адкладзены эфект, мяркуе Алесь Чайчыц. На падыходзе таксама нафтавае эмбарга Еўразвязу, што пачне дзеяць у снежні ды адабʼецца на расейскай эканоміцы ўжо ў 2023-ім годзе.

Валянцін Васіленка, «Белсат»