Да чаго рыхтуюцца беларускія ваенкаматы?


Мінабароны запэўнівае: нечуваная маштабная зверка, што мусіць закрануць усіх ваеннаабавязаных Беларусі, то бок нават тых, хто не служыў у войску, мае планавы характар.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З сярэдзіны лістапада да снежня ўліковыя дадзеныя будуць звераныя ва ўсіх без выключэння ваеннаабавязаных, якія стаяць на вайсковым уліку», – запэўнівае афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны Аляксей Тыцкі.

«У сярэднім зверка ўліковых дадзеных аднаго ваеннаабавязанага зойме не больш як 10-15 хвілін. Пасля ўдакладнення інфармацыі грамадзяне адправяцца па месцы працы, або жыхарства».

У некаторых рэгіёнах Беларусі працэс спраўджання звестак ужо актыўна ідзе. Паводле кіраўніка Берасця Аляксандра Рагачука, з 14-га да 18-га лістапада на тэрыторыі гораду і раёну праходзіць кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных, а з 21-га да 25-га лістапада адбудзецца яўка на пункты збору для ўдакладнення ўліковых дадзеных. Прыходзяць нават дадому.

«Прынеслі [позву] паводле месца жыхарства. Адкрыла жонка, мяне не было. Запыталіся, дзе муж, яна адказала, што яшчэ на працы. Яны запісалі і хіба пайшлі далей па пад‘ездзе грукацца. Ніхто нічога добрага на гэты конт не думае. Гэта ўпершыню за шмат-шмат гадоў. Паводле чутак, кагосьці на зборы нават выклікаюць. Але з тых, каго я ведаю асабіста, усіх толькі дзеля ўдакладнення звестак», – кажа жыхар Берасця.

А ў ваенкамаце, што аб‘ядноўвае некалькі раёнаў і буйны горад Берасцейскай вобласці, зверка чамусьці закранула пакуль толькі беспрацоўных:

«У нас пакуль ідзе зверка непрацоўных. Пакуль – так. А калі будзе поўная? Павестку чакайце».

Пра пачатак звярання ваеннаабавязаных сцвярджае ўласна і Міністэрства абароны. Ведамства дэманструе працэс наступным чынам:

«Ніякай насцярожанасці. Міралюбная цалкам атмасфера, усё спакойна».

Цікава, ці ўсе беларусы падзяляюць пазітыўны настрой? Згодна з апытаннем нашага тэлеканалу, амаль палова рэспандэнтаў лічыць магчымаю мабілізацыю ў Беларусі. У адваротным упэўненыя толькі блізу чвэрці апытаных.

На думку ж палітычнага аглядальніка Аляксандра Папко, ёсць прынамсі два тлумачэнні таго, што адбываецца ў Беларусі:

«Першае, самае страшнае. Беларусь сапраўды рыхтуецца да нейкай мабілізацыі і ўступлення ў вайну. Другое тлумачэнне – Лукашэнка хоча напалохаць украінцаў перад нейкім дзеяннем Расеі, якое пачнецца пад канец гэтага года».

А вось заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба яшчэ месяц таму выказваў упэўненасць ва ўцягненні Беларусі ў вайну. 9-га кастрычніка ў эфіры праграмы «Тыдзень» ён назваў нават канкрэтную дату. Супадзенне ці не, але пра «планавую зверку ўсіх ваеннаабавязаных» Міністэрства абароны паведаміла якраз у аўторак.

«Я гаварыў з афіцэрамі розных нашых структур, – казаў тады Бульба. – 90 адсоткаў таго, што беларусы будуць уцягнутыя ў вайну. Актыўнасці як раз пачнуцца пасля 15 лістапада».

Ці паспеюць камісарыяты сапраўды спраўдзіць звесткі ўсіх ваеннаабавязаных беларусаў да канца года? Палітолаг Аляксандр Папко мяркуе, што наўрадці. Але калі вы ўсё ж такі не хочаце атрымаць позвы, магчыма, варта скарыстацца парадамі прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету.

«Нікому не адчыняйце дзверы, – кажа Аляксандр Азараў. – Не атрымлівайце пошту, не адказвайце на званкі з невядомых нумароў. Не адказвайце ні на якія СМС, не прызнавайцеся, што вы прачыталі атрыманыя раней СМС. Ідэальны варыянт – часова пераехаць не па месцы рэгістрацыі. Ні ў якім разе не хадзіце ў ваенкамат».

У тым жа інтэрв’ю нашаму тэлеканалу Сяргей Бульба выказаў здагадкі пра маштаб магчымай мабілізацыі. Яна закране меней 130-ці тысячаў чалавек.

Ян Федаровіч, «Белсат»