Анджэй Дуда: ніхто на Польшчу не нападаў


Падзенне дзвюх ракетаў на польскую вёску блізу ўкраінскай мяжы Польшча не лічыць нападам на сваю тэрыторыю. Пра гэта сёння заявіў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. Маўляў, папярэднія вынікі расследавання інцыдэнту паказваюць на тое, што гэта быў няшчасны выпадак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Раніцаю прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікаў паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі. Нагода – учорашні прылёт дзвюх ракетаў у Пшэводаў на паўднёвым усходзе Польшчы. Пасля паседжання Дуда выступіў з заяваю:

«Нічога, абсалютна нічога не ўказвае на тое, што гэта быў наўмысны напад на Польшчу. Гэтая ракета не была наўмысна накіраваная на нашую тэрыторыю. Хутчэй за ўсё, гэта была ракета С-300 расейскай вытворчасці, вырабленая ў 70-х гадах. На гэты момант у нас няма доказаў таго, што гэтую ракету запусціў расейскі бок, але ёсць вялікая імавернасць, што ракету запусцілі Збройныя сілы Украіны, каб адбіцца ад расейскіх атак».

За аўторак Расея запусціла па тэрыторыі Украіны 96 ракетаў. 75 з іх удалося збіць паветранай абароне Украіны. Ракету С-300 маглі выкарыстаць для сістэмаў СПА Украіны. Расследаванне яшчэ працягваецца.

Інцыдэнт адбыўся 15-га лістапада ў Пшэводаве, прыблізна за 7 кіламетраў ад мяжы з Украінаю. Ракеты ўпалі побач са збожжасховішчам, у выніку загінулі два мясцовыя жыхары. На месцы здарэння ўжо другі дзень працуюць паліцыя і вайскоўцы.

Мясцовы жыхар так пракаментаваў сітуацыю:

«Гэта былі дзве асобы з гміны Далгабычаў, вельмі добрыя людзі, я шкадую, што яны загінулі, ім было каля 60 гадоў».

Некаторыя падраздзяленні польскага войска было пастаноўлена прывесці ў больш высокі ўзровень баявой гатоўнасці. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі:

«Я таксама папрасіў нашыя службы, паліцыю, памежнікаў, а таксама цывільныя службы павысіць узровень боегатовасці, і гэта ўжо адбылося. На месца здарэння дадаткова былі адпраўленыя вайскоўцы».

Жыхары Варшавы ўсхваляваныя падзеямі мінулага дня, але збольшага захоўваюць спакой:

«Я не хачу, каб на тэрыторыі нашай краіны адбывалася тое, што цяпер адбываецца ва Украіне».

«Я з Украіны, і калі я пабачыў навіны, што ўпала ракета, для мяне гэта было трохі шакавальна і трохі дзіўна, бо я думаў, што вайна з Украінай не пяройдзе на тэрыторыю Еўропы».

«Ведаеце, я стараюся не панікаваць, але ў той момант атрымала невялікі стрэс, як калі пачалася вайна ва Украіне».

«Гэта быў шок, без сумневу быў шок. Гэта дае разуменне, што на гэты момант азначае вайна, чым яна можа пагражаць. Жудасная справа. Цяпер трэба высветліць, хто гэта зрабіў, але спакойна і без панікі, бо памылка можа дорага каштаваць».

Украінскі бок заяўляе, што ракеты запусціла Расея. Паводле Крамля, Расея не мае ніякага дачынення да інцыдэнту. У Маскве назвалі выбух «наўмыснаю правакацыяй дзеля эскалацыі абстаноўкі». Вердыкт NATO агучыў генеральны сакратар Енс Стольтэнбэрг:

«Дазвольце мне ўнесці яснасць. Гэта не віна Украіны. Расея нясе канчатковую адказнасць, бо яна працягвае сваю незаконную вайну супраць Украіны. Расея павінна спыніць гэтую бессэнсоўную вайну. Я размаўляў з прэзідэнтамі Польшчы і ЗША, і мы дамовіліся захоўваць пільнасць і спакой ды падтрымліваць цесную каардынацыю. NATO захоўвае еднасць. І мы заўсёды будзем рабіць тое, што неабходна для абароны ўсіх саюзнікаў».

На думку палітолага Паўла Усава, сітуацыя надзвычайная. Маўляў, Польшча і NATO абралі стратэгію не ўваходзіць у канфлікт, замест таго каб хутчэй яго скончыць:

«А дзеля таго, каб яго хутчэй скончыць, патрэбна было б зрабіць 2 мінімуму: паглыбіць і ўзмацніць украінскую супрацьпаветраную абарону, а другі момант – гэта, канешне, зачыніць неба над Украінай, прынамсі над буйнымі гарадамі або над памежнай тэрыторыяй Украіны і Польшчы».

Разам з тым выклікае пытанні і паветраная абарона самой Польшчы і NATO, раз у яе прастору, яшчэ і ненаўмысна, здолелі патрапіць старыя ракеты расейскай вытворчасці. Сітуацыю каментуе вайсковы аналітык, генерал Станіслаў Козей:

«Няма такой сістэмы паветранай абароны, якая б магла абараніць ад ракетаў на сто адсоткаў. І, напэўна, гэта якраз і быў той выпадак, калі нешта прасачылася. Там, на паўднёва-ўсходнім напрамку, мы выкарыстоўваем перадусім сродкі саюзнікаў – у прыватнасці, амерыканцаў. Але мы павінны ў першую чаргу мець добрую ўласную сістэму паветранай абароны».

Сцэнары дзеянняў Польшчы і NATO на выпадак мэтанакіраванага ўдару з тэрыторыі Расеі ўжо даўно распісаныя, кажа палітолаг Павел Вусаў. «

Напэўна, гэта б не перарадзілася ў трэцюю сусветную вайну, не перарадзілася б у адчынены ядзерны канфлікт, але лакальныя ўдары маглі быць нанесеныя».

Паводле Усава, пераменаў у адносінах Захада да вайны Расеі супраць Украіны чакаць не варта.

Вольга Васільева, «Белсат»