Якія праблемы існуюць у інтэграцыйнай адукацыі Беларусі?


Галіна Лахтадыр – педагог і шматдзетная маці. Некаторыя з ейных чацвярых дзетак маюць асаблівасці развіцця. Цяпер яны жывуць у Польшчы – мусілі з’ехаць з Беларусі праз крымінальны пераслед Галіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Галіна ўзгадвае, як ейная дачка з кепскім зрокам і сіндромам гіперактыўнасці на радзіме 2 гады хадзіла ў інтэграцыйны клас:

«Вярталася дадому са скаргамі. Казала: “Там мною ніхто не займаецца. Мяне ігнаруюць, мяне прэсуюць”. Рознае было!»

Сын Галіны заікаецца. Беларускія медыкі не змаглі справіцца з гэтым парушэннем. Не знайшлося для хлопчыка і адпаведнага педагога.

«У школе я прасіла, каб з ім пазаймаліся, то ніхто не хацеў, – скардзіцца Галіна. – Казалі, што няма часу, няма адмыслоўцаў і школа была перагружаная».

У Польшчы праблемы інтэграванага навучання развязваюцца значна лягчэй. Галіне і ейнай дачцэ прапанавалі дзейсную псіхалагічна-педагагічную дапамогу. Цяпер дзяўчынка ходзіць у матэматычны клас. Мама Галіна радасна здзіўляецца: яна нават і не чакала такога поспеху дзіцяці!

Паводле Міністэрства адукацыі Беларусі, колькасць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў краіне з мінулага года павялічылася амаль на 4000 і цяпер складае 183 200 дзяцей. З іх амаль 16 000 маюць інваліднасць.

На такую колькасць дзяцей працуе 236 адмысловых установаў адукацыі, з іх – 48 спецыялізаваных садкоў, 47 школак ды інтэрнатаў, а таксама 141 цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

У інтэграваных класах, згодна правілам, не павінна быць больш за 20 вучняў, з якіх 3-6 – дзеці з асаблівасцямі. І ў такім класе неабходны педагог-дэфектолаг, што вымагае дадатковых выдаткаў з бюджэту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школа-інтэрнат №10. Менск, Беларусь.
Фота: schi10.minsk.edu.by

Могуць дзеці з асаблівасцямі навучацца і ў агульных класах, але ў настаўнікаў не заўсёды хапае ўвагі ды часу на такіх вучняў.

Да таго ж не ўсе бацькі гатовыя аддаць сваіх асаблівых дзяцей у звычайныя класы.

«Для дзяцей гэта моцны стрэс, і для іхных бацькоў таксама, – патлумачыла педагог Ганна Саламонава. – Таму што гэта клопат не толькі аб сваім уласным дзіцяці, але гэта яшчэ і страх за іншых дзяцей. Не ўсе дзеці могуць разумець, што ёсць розныя людзі. І не ўсім дзецям пра гэта расказваюць іхныя бацькі».

Праблемаў дадае і залішняя апека некаторых бацькоў. Стваральніца сеткі школаў «Мазаіка» для дзяцей з асаблівасцямі развіцця Ксенія Карбоўская падзялілася сваім уласным досведам.

«Стаўленне да дзіцяці як да інваліда інвалідызуе яго больш, чым сам дыягназ. У нас таксама былі частыя выпадкі, калі бацькі распранаюць і разуваюць дзевяцігадовае дзіця. Я тады кажу: ну, слухайце! Ён сам у стане разуцца і распрануцца. Ён здольны сам паесці, ён умее гэта рабіць. Але, вядома, навошта яму намагацца, калі вы ўсё робіце за яго?!»

Ксенія Карбоўская дадала, што такіх дзетак неабходна навучыць самым звычайным рэчам: купіць штосьці ў краме, карыстацца грамадскім транспартам, арыентавацца ў ваколіцы.

«Калі ў дзіцяці навык не аўтаматызаваны, калі дзіця не здольнае карыстацца навыкам у любой сітуацыі, з любым чалавекам, значыць, навучанне выніку не мае. Часам чую: “А вось мой сынок лічыць да тысячы!” Кажу: “Няма сэнсу ў той тысячы, калі ён не разумее, што 5 – гэта 5, а 20 – гэта 20″».

У Міністэрстве адукацыі праблему не прызнаюць. Але за апошнія 20 гадоў колькасць адмысловых школаў і школьных інтэрнатаў для вучняў з асаблівасцямі развіцця ў Беларусі скарацілася ўдвая.

Марына Яновіч, «Белсат»