Народнае адзінства па-лукашэнкаўску


Улады ў Беларусі заўтра будуць адзначаць Дзень народнага адзінства – новае свята, створанае рэжымам два гады таму. Да ўдзелу ў праўладных акцыях з гэтае нагоды схіляюць дзяцей, бюджэтнікаў, працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Як выглядае народнае адзінства паводле версіі рэжыму Лукашэнкі?

Святам 17 верасня абвясцілі пазалетась. Калісьці ў гэты дзень Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, што належала Польшчы. У сучаснай Беларусі сёлета да гэтае даты выпусцілі мастацкі фільм – як тамтэйшыя беларусы пакутавалі пад польскім прыгнётам. Дыскрымінацыя беларусаў у міжваеннай Польшчы мела месца, кажуць гісторыкі.

«Не мелі фактычна беларусы права на беларускамоўную адукацыю, усё было польскае. Калі і дапускалася нешта двухмоўнае, дык толькі фармальна. Трапляла пад дыскрымінацыю беларускае нацыянальнае рэлігійнае жыццё», – тлумачыць гісторык Аляксандр Пашкевіч.

У трэйлеры фільму таксама кажуць пра знішчэнне культуры і мовы беларусаў. Але героі гавораць пры гэтым… па-расейску. Зміцер Лукашук, журналіст «Еўрарадыё» і суаўтар кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», адзначае аднабокасць падыходу ўладаў да гісторыі.

«Давайце здымем фільм пра тое, як нішчылася беларускае Адраджэнне саветамі! Колькі людзей не за краты, а ў зямлю пайшло! Менавіта беларускіх адраджэнцаў. Давайце Курапаты прыгадаем. Не крыжы будзем ламаць, а прыгадаем, хто там ляжыць, хто страляў», – кажа Зміцер Лукашук.

Дата мусіць быць памятнай, але не святочнай, мяркуе Аляксандр Пашкевіч. Бо беларусы ўз’ядналіся пад прыгнётам сталінізму.

«Тыя людзі, якія тады жылі, нацярпеліся шмат бедаў. Яны страцілі сваю маёмасць, многія страцілі волю, жыццё. Жыццё ім было проста паламанае. І, урэшце, тады не была абвешчаная незалежная Беларусь», – распавядае Аляксандр Пашкевіч.

Прапаганда, аднак, спрабуе стварыць святочную атмасферу. Праўладныя флэш-мобы ў сацыяльных сетках, вела-, аўта- і проста прабегі.

«Дэмакратычнасць краіны, яе адзінства можна вымераць рознымі чыннікам. У нашым выпадку – гэта колькасць вымушаных палітэмігрантаў і палітзняволеных, якая проста рэкордная», – кажа Аліна Коўшык, прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Абʼяднанага пераходнага кабінету. Рэжым Лукашэнкі імкнецца кантраляваць грамадства, мяркуе яна.

«Яны выкарыстоўваюць дзеля гэтага ўсе прапагандысцкія магчымасці. У тым ліку – «свята народнага адзінства». Я перакананая, што ў яго не верыць ніхто, нават тыя людзі, якія яго цяпер ствараюць і прапагандуюць», – мяркуе Аліна Коўшык.

У той самы час у Польшчы, якой Менск прыгадвае даўнія крыўды, беларусы цяпер могуць ставіць спектаклі і выдаваць кнігі па-беларуску без лукашэнкавай цэнзуры.

Валянцін Васіленка, «Белсат»