«BELPOL»: у Беларусі будуць выносіць прысуды на падставе выбітых паказанняў


Пагоршыць становішча падазраванага ды ўзмацніць ролю пракуратуры. Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі чакаюць змены. Такую інфармацыю атрымала арганізацыя былых сілавікоў «BELPOL» ад сваіх крыніцаў.

Прысуды на падставе выбітых паказанняў сведак стануць законнымі. Гэта вынікае з паправак, якія рыхтуюць у Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Да прыкладу, цяпер, калі чалавек дае паказанні супраць сваяка пад пагрозамі ці ґвалтам, ён можа заблакаваць іх у судзе. Паводле ж новых нормаў, зрабіць гэта будзе немагчыма.

Прадстаўнік «BELPOL», былы следчы Андрэй Астаповіч звязвае змены з ростам палітычна матываваных справаў пры недахопе кадраў у следчых органах:

«Змянілі пасаду з аператыўнага работніка на следчага, тры словы дадалі і раздрукавалі. Накіравалі ў суд і па гэтых паказаннях суддзя ўжо гэтак жа выносіць прысуд – адмаўляецца чалавек ці не адмаўляецца. Гэта нашмат прасцей, чым расследаваць, як у нармальных краінах гэта робяць».

Да таго ж у якасці паказанняў змогуць быць выкарыстаныя гуказапісы ці відэазапісы допыту. Гэтак званыя пакаянныя відэа ці прапагандысцкія фільмы. Паводле спісу артыкулаў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю КДБ, трымаць без выстаўлення абвінавачанняў змогуць ажно да дваццаці дзён замест цяперашніх дзесяці максімальных.

«Дадаўся шэраг артыкулаў, у большасці сваёй па кампетэнцыі КДБ. Усё, што звязана з тэрарыстычнай дзейнасцю як такой, як яны прадстаўляюць яе ў сваёй краіне (нават у сваёй злачыннай групоўцы). І каб вось гэтыя фільмы кляпаць не ў 10 дзён, а ў 20 без прад’яўлення абвінавачання і ўсё астатняе», – дадаў Андрэй Астаповіч.

Таксама, паводле зменаў, начальнікі следчых органаў не змогуць адмяняць незаконных пастановаў аб адмове ў адкрыцці крымінальнай справы. Гэткія паўнамоцтвы будуць выключна ў пракурораў. Зніжэнне ролі следчых у Беларусі, на думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, стала відавочным пасля 2020 года: «Гэты працэс адбываецца, паколькі ў жніўні-верасні 2020-га сярод усіх так званых сілавых структураў Следчы камітэт быў тым ведамствам, якое спрабавала – у тым ліку і асобныя людзі – трымацца нейкіх законаў».

Пасля змены ў законе ў так званых сілавікоў зʼявіцца права рабіць тое, што яны дэ-факта ўжо рабілі, спасылаючыся на тое, што пакуль не да законаў, кажа Віталь Цыганкоў: «Менавіта кардынальна гэта нічога не зменіць. У людзей становіцца ўсё менш правоў, у беларусаў, яшчэ менш магчымасцяў абараніць сябе».

Калі прымуць змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, невядома. Але з улікам таго, як хутка рэжым Лукашэнкі змяняе заканадаўства апошнім часам, Андрэй Астаповіч кажа, што папраўкі могуць прыняць да канца года.

Ірына Юрʼева, «Белсат»