«У жывым эфіры»: фільм пра беларускія пратэсты паказалі на фестывалі ў Гдыні


Дзясяткі тысяч нашых гледачоў глядзелі ў жывы эфіры стрым з Плошчы Пераменаў у Менску – 15-га лістапада 2020 году. Стрым, які нашым журналісткам, адзіным у той дзень удалося рэалізаваць, схаваўшыся ў адной з кватэраў таго Менскага двара. І стрым, які каштаваў амаль два гады свабоды для Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай. Каця да таго ж была асуджаная паўторна. І надалей застаецца за кратамі. Сёння ўпершыню аўдыторыя пабачыла, як знутры магла выглядаць праца журналістак. Паказ мастацкага фільму «У жывым эфіры» адбыўся ў польскім горадзе Гдыня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Людзі гуртуюцца ў счэпкі, відаць для таго каб пазбегчы адлову паасобку», – кажа ў мікрафон акторка ў ролі журналісткі. Потым чуем грукат у дзверы. Гэта сілавікі лукашэнкаўскага рэжыму «ламаліся» у кватэру побач з тою, адкуль дзве журналісткі «Белсату» употай вялі стрым з зачысткі мемарыялу, які пратэстоўцы стварылі ў гонар забітага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Фільм «У жывым эфіры» паказалі сёння ў Гдыні ў межах «Фестывалю польскага мастацкага кіно». Беларуска Мара Тамковіч – рэжысёрка мастацкай кароткаметражкі.

«Мне было вельмі важна, каб людзі даведаліся не столькі галавой, што адбываецца, колькі адчулі эмацыйна, адчулі сэрцам. Гэта мастацкае кіно, не дакументальнае. Менавіта таму гераіні маюць іншыя імёны», – адзначыла рэжысёрка.

Камера на плане – ідзе за галоўнай гераіняй, набліжаецца і аддаляецца. Напружанне не знікае ні на секунду. Гэтаксама, як на рэальных кадрах са стрыму, што «Белсат» даў варшаўскай Студыі Вайды дзеля выкарыстання на плане.

Галоўную ролю ў фільме выканала Аляксандра Вайцэховіч – акторка драматычнага тэатру і кіно і музычнага тэатру. Беларуска рыхтавалася да ролі, шмат думала пра характар Кацярыны, ейную прынцыповую адвагу – і пра пачуцці ў той дзень, калі яна вяла стрым з разгону на плошчы Пераменаў.

«Спрабавала яе зразумець і думала як бы я паступіла такой сітуацыі. Выбрала б сябе, сваю сямʼю і сваіх блізкіх», –

прамовіла Аляксандра пад час дыскусіі пасля прагляду. Але са згодаю на ролю зняволенай Каці Андрэевай акторка закрыла сабе шлях у Беларусь.

«У мяне не было сумневаў, бо я разумела, што я мушу і не магу паступіць інакш. У любым выпадку, тое, што я зʼехала з сямʼёю, – я не збегла ад таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта таксама мяне датычыць», – падкрэсліла Аляксандра.

У фестывальнай зале – пераважна польская публіка, не знаёмая праз тэлебачанне з Кацярынаю і Дарʼяй. Беларускаму ж гледачу відаць падабенства акторак, а голас Аляксандры Вайцэховіч у «Жывым эфіры» – увогуле складана адрозніць ад арыгіналу.

«Не без таго, што ў мяне недзе тэмбр падобны на Кацін, але я безумоўна слухала ўсе яе інтэрвʼю, усе што магла знайсці. Слухала і паўтарала, як яна гаворыць, яе інтанацыю», – распавяла акторка.

Як падкрэслілі госці прагляду пад час дыскусіі, у конкурснай працы Мары Тамковіч раскрытая таксама тэма «ціхага змагання» у Беларусі – праз вобразы сямʼі, якая дазволіла дзяўчатам весці жывы эфір са сваёй кватэры.

Колішні куратар нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад» Мікалай Лаўранюк лічыць, што гэта:

«Першы гульнявы фільм, які выйшаў на ўзровень сурʼёзных міжнародных фестываляў. А фестываль у Гдыні – гэта галоўны фестываль у Польшчы. Удзел гэтага фільму ў фестывалі, я лічу – ужо перамога для беларускага кіно і для Мары Тамковіч, як беларускай рэжысёркі».

Фільм паўстаў пры дапамозе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, Польскага інстытуту кінамастацтва, Студыі Вайды, Студыі дакументальных і мастацкіх фільмаў і Філіпа Марчэўскага, у прыватнасці, які не толькі стаў прадзюсарам «У жывым эфіры», але і зрабіў навучальны курс «Філмбрыдж» для шасці беларускіх рэжысёраў.

Сёння быў першы, але не апошні, паказ фільму.

Юлія Цяльпук, «Белсат»