Буча, Марыўпаль, а цяпер і Ізюм. Якую небяспеку нясуць масавыя пахаванні?


Некаторыя загінулі ад авіяцыйных удараў, хтосьці ад артылерыйскіх, ёсць і расстраляныя. Пахаванне на больш чым чатырыста пяцьдзясят целаў знайшлі ў вызваленым Ізюме Харкаўскай вобласці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кіраўнік Нацыянальнай Паліцыі Украіны Ігар Клымэнка паведамляе:

«Папярэдне, мірнае насельніцтва. Хоць ёсць інфармацыя, што там, магчыма, ёсць і вайскоўцы».

Напрыклад, надпіс «ЗСУ, 17 асобаў» на адным з крыжоў. Масавае пахаванне ў Ізюме знайшлі дзякуючы мясцовым жыхарам і відэа, што апублікавалі расейскія вайскоўцы.

«Тут напісана, што сямнаццаць целаў, але на відэа іх больш. Мы іх яшчэ не лічылі, але, я думаю, што каля дваццаці пяці – трыццаці. Магчыма, гэта не адно пахаванне на гэтых могілках», – упаўнаважаны ў пытаннях асобаў, зніклых без вестак абставінах Алег Катэнка разлічвае знайсці рэестр, пакінулі акупантамі. Ён дапамог бы апазнаць забітых, падпісаных нумарамі.

А пакуль наперадзе – абясшкоджванне мінаў, эксгумацыя і апазнанне целаў.

«40 следчых Нацыянальнай паліцыі, 10 крыміналістычных лабараторый, прадстаўнікі медыцынскай экспертызы на тэрыторыі масавага пахавання нашых грамадзян. Гэта, адразу скажу, не на адзін тыдзень. Карпатлівая праца. Адпаведная тэхніка прыехала: экскаватары, аўтамабілі. Целы ляжалі яшчэ з сакавіка», – распавядае пра ход працы Ігар Клымэнка.

Таксама ААН адправіць місію ў Ізюм. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Упраўлення ААН у спарве правоў чалавека Ліз Тросэл:

«Нашыя калегі ва Украіне сочаць за гэтымі сцвярджэннямі, і яны плануюць зарганізаваць маніторынгавую паездку ў Ізюм для вызначэння абставінаў смерці гэтых асобаў».

Памятаем і пра целы, знойдзеныя ў Бучы. Той досвед паказаў вялікую праблему апазнання. Пасля эксгумацыі 76 асобаў засталіся невядомыя. Намесніца бучанскага гарадскога кіраўніка Міхайліна Скорык-Шкарыўска называе дзве прычыны:

«Або гэта супольныя магілы, калі ёсць шмат падобных целаў і звычайна гэта ў іншым месцы, а не ў тым, дзе людзі былі забітыя. Другі вялікі масіў неапазнаных – гэта згарэлыя або забітыя і спаленыя».

Яшчэ адной праблемай стала дэцэнтралізаваная сістэма ўзаемадзеяння паміж моргамі і праваахоўнымі органамі ва Украіне. Пасля перамяшчэння целаў губляюцца дадзеныя. Але нягледзячы на ваенны час, службы Украіны абавязаныя праводзіць працэдуру перапахавання, распавядае Міхайліна Скорык-Шкарыўска:

«Яна абавязковая і з пункту гледжання расследавання злачынстваў расейцаў ва Украіне, і з пункту гледжання дакументаў, якія сведчаць, што чалавек рэальна загінуў».

Яшчэ адна патрэба перапахавання – санітарная. Масавыя магілы могуць прывесці да атручвання грунтавых водаў. Акрамя таго, да гэтага часу на вызваленых тэрыторыях проста ў сутарэннях знаходзяць целы людзей. Пра наступствы распавядае экс-кіраўнік Санітарнай Эпідэмійнай Службы Украіны Святаслаў Протас:

«Павялічваецца рызыка разносу інфекцыяў жывёлінамі, тымі ж грызунамі, казюркамі. Вельмі высокая рызыка ўзнікнення тых хваробаў, на якія ўжо даўно забыўся цывілізаваны свет».

Ці могуць пахаванні ў Ізюме спрычыніцца да распаўсюду хваробаў?

«Гэта ў лесе. Наколькі гэта далёка ад населеных пунктаў, наколькі там блізка месцяцца нейкія ваданосныя гарызонты, цяжка сказаць. Нейкіх сур’ёзных рызык у гэтай частцы, на гэтай тэрыторыі няма. Гэтая тэрыторыя нічым не адрозніваецца ад тэрыторыяў Кіеўскай вобласці, дзе таксама былі масавыя пахаванні», – распавядае Святаслаў Протас.

З адмысловым зваротам пра жахлівую знаходку звярнуўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Мы яшчэ не ведаем дакладна, колькі там целаў. Эксгумацыя толькі пачалася. І сёння ўжо ёсць доказы чарговых зверстваў расейскай акупацыі. Цела чалавека, якога задушылі вяроўкай – так з вяроўкаю на шыі і закапалі. Целы са зламанымі рукамі, з іншымі слядамі здзеку».

Дарадца міністра абароны Украіны Аляксей Капыцька паведаміў, што колькасць ахвяраў на толькі што вызваленых тэрыторыях большая, чымся была ў Барадзянцы і Бучы Кіеўскай вобласці.

Яна Шэк, «Белсат»