Што вядома пра затрыманне беларусаў Службай бяспекі Украіны


Беларусам, затрыманым разам з валанцёркаю Беларускага дому ў Кіеве, нічога не пагражае, а затрымлівалі іх у межах аперацыі «Мігрант», паведаміў прадстаўнік Службы бяспекі Украіны Арцём Дэхцярэнка:

«Адбылася праверка аднаго з кіеўскіх гостэлаў, дзе выяўлена 12 грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым праваабаронцы выявілі, што двое з іх незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу Украіны. Гэтых асобаў запрасілі ў адміністрацыйны будынак СБУ для апытання. Пасля правядзення адпаведнага правярання грамадзянаў Беларусі перадалі ў Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны».

Валанцёрка Беларускага дому ва Украіне Алена Жаркевіч жыве ў Кіеве легальна. У Беларусі на яе завялі тры крымінальных справы, у тым ліку абвінаваціўшы ў нападзе на міліцыянтаў. Пасля некалькіх затрыманняў і шматлікіх пагрозаў яна ўцякла з краіны разам з сынам.

«Мяне проста не пусцілі дадому, я ехала з працы, маю машыну перакрылі два дзядзечкі, якія не прадставіліся. Распавялі мне, што будзе далей са мной і з маім сынам, калі я застануся жыць у сябе ўдома. Мне сказалі, едзь куды заўгодна, толькі не тут», – распавядае Алена Жаркевіч.

Ва Украіне Алена Жаркевіч дапамагала ўцекачам легальна ўладкавацца – атрымаць статус палітычнага ўцекача, без якога мігранта могуць адправіць на радзіму.

«Супрацы наўпроставай паміж украінскай уладай і рэжымам Лукашэнкі няма, але мы ведаем, што паводле афіцыйных звестак 16 чалавек было выдадзена з Украіны ў Беларусь за першую палову гэтага года. Мы не ведаем, на якой падставе і хто гэтыя людзі. А таксама мы ведаем, што была прынамсі адна спроба выдаць у Беларусь асобу, якой там пагражаў пераслед з палітычных меркаванняў», – кажа каардынатар грамадскай арганізацыі «No Borders Project» Максім Буткевіч.

Украінскія ўлады зрабілі некалькі крокаў, каб палепшыць перабыванне беларусаў ва Украіне, але пераважна гэта датычыць адмыслоўцаў у пэўных галінах эканомікі, перадусім айцішнікаў. Палітычным жа ўцекачам падаць дакументы на прытулак дапамагаюць недзяржаўныя арганізацыі.

«Гэта варта зрабіць і тым, хто легальна прыехаў ва Украіну, і тым, хто быў змушаны перасячы мяжу па-за пунктамі пропуску. Таму што працэдура разгляду прашэння пра надаванне статусу ўцекача – адзіная працэдура, якая юрыдычна абараняе ад дэпартацыі і экстрадыцыі», – раіць Максім Буткевіч.

Але пры гэтым трэба быць гатовым да абмежаваных магчымасцяў – бо, распачаўшы працэдуру, забіраюць пашпарт, замяніўшы яго адмысловай даведкай пра наданне абароны. І падрыхтавацца да працяглага чакання – паводле закону заяву маюць разгледзець цягам паўгода, рэальна ж справа можа разглядацца нават удвая даўжэй.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»