Лукашэнка памілаваў 13 палітвязняў


Мець прысуд, які набыў моц, не парушаць рэжыму адбывання пакарання, а самае галоўнае – напісаць прашэнне аб памілаванні ды шчыра прызнаць сваю віну – вось галоўныя крытэрыі, паводле якіх Аляксандр Лукашэнка памілаваў 13 палітычных вязняў.

«Трынаццаць – гэта больш за нуль. Гэта ўжо сенсацыйны станоўчы вынік. Гэта значыць, што беларуская ўлада чарговы раз працягнула руку грамадзянскай супольнасці, яна адкрытая да дыялогу, яна дэманструе сігналы – і ўнутры, і нашым партнёрам па-за Беларуссю – пра неабходнасць замірэння і спынення канфрантацыі. Таму гэта вельмі важны і, не пабаюся гэтага слова, гістарычны момант», – так кіраўнік «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юрый Васкрасенскі пракаментаваў рашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

9 жніўня – праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў – Васкрасенскі падаў Лукашэнку спіс на памілаванне. Але памілаваныя былі толькі 13 чалавек са 100. Гэта сведчыць пра жаданне ўладаў захаваць рэпрэсіі, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч: «Маштабная амністыя была б дрэнным сігналам для беларускага грамадства, яны б пачулі подых лібералізацыі, гуманізму і маглі б зноў выйсці на вуліцу. Зараз рыхтуецца 5-ы пакет санкцый. Калі б была нейкая маштабная амністыя, то, у прынцыпе, можна было б і перадухіліць яго прыняцце».

На гэты момант мы ведаем прозвішчы ўсіх 13 памілаваных: Віктар Каліноўскі, Валерый Лаза, Максім Шаўлінскі, Ігар Быкоўскіх, Яўген Каральчук, Сяргей Рудзінскі, Яўген Пашалюк, Аляксандр Баброў, Аляксей Коршун, Юлія Кашаверава. Некаторыя з іх ужо ўдома. А палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы перавядуць на «хатнюю хімію». Максіму Шаўлінскаму мы дазваніліся проста падчас афармлення дакументаў на вызваленне. Ён пацвердзіў, што пісаў ліст да Васкрасенскага: «Праўда, не чакаў. Гэта як латарэя была, паспрабаваў напісаць, так – так, не – не. Я не чакаў, што атрымаецца. Я ўстаў і, як звычайна, пайшоў на працу, а а 10-й мяне набралі са спецаддзелу і сказалі, што як бы вось, усё. Шок. Я не зразумеў спачатку, што і куды, а калі мне сталі тлумачыць, ну, радасць, радасць была».

Прапанову раскаяцца і напісаць прашэнне аб памілаванні атрымалі ўсе палітвязні. Паліна Шарэнда-Панасюк была сярод тых, хто выкінуў ліст Васкрасенскага ў сметніцу. Яе муж Андрэй Шарэнда так пракаментаваў сітуацыю: «За гэты ўчынак Паліну пакаралі карцарам, двойчы пакаралі карцарам. кожны раз на 10 содняў. Любы палітвязень павінен разумець, што гэта ўсё хлусня і нават падпісанне гэтага ліста не гарантуе выхаду на волю».

На думку палітолага Валера Карбалевіча, так званае памілаванне канчаткова дыскрэдытавала саму ідэю супрацы з уладамі: «Я, напрыклад, чакаў, што тых супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», якія далі паказанні супраць Бабарыкі, іх даўно павінны былі вызваліць, а іх не вызваляюць, яны пад амністыю не трапляюць, а гэта вельмі дзіўна. Бо ўвесь сэнс іх паказанняў супраць Бабарыкі быў выйсці на волю дадому, а атрымліваецца, што іх не выпускаюць».

Нібыта прысуд за карупцыю не адпавядае крытэрам для памілавання, вызначаным ва ўказе Лукашэнкі. На думку праваабаронцы Паўла Сапелкі, уладам варта карыстацца не ўказам, а Крымінальным кодэксам, у якім адсутнічаюць дакладныя крытэры памілавання: «Ёсць людзі, якія былі асуджаныя за негвалтоўнае ажыццяўленне сваіх асноўных правоў і свабодаў, яны павінны быць вызвалены без усялякіх умовах, з кампенсацыяй ім панесеных пакутаў і затрат».

Толькі ў жніўні з палітычных матываў асудзілі больш за 130 чалавек. Сёння колькасць палітычных вязняў у Беларусі – амаль 670 асобаў. За кратамі ў невыносных умовах застаюцца жанчыны, няпоўнагадовыя, людзі з інваліднасцю і з сур’ёзнымі хваробамі. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення рэпрэсіяў унутры Беларусі.

Ірына Карніенка, Белсат