Бульба як нацыянальны прадукт?


Бульба – нацыянальны прадукт і з’яўляецца ім дзякуючы Аляксандру Лукашэнку. Такую тэзу прасоўвае афіцыйная агенцыя БелТА. Маўляў – і гатункі ў нас такія, да якіх імкнуцца іншыя краіны, і геаграфія экспарту – шырэй няма куды. Вось толькі статыстыка кажа – прадукт не экспартны. А санкцыйны клімат ставіць пад пагрозу пастаўкі насення.

Галоўны бульбазнаўца Беларусі ведае, як глебу ўгнаіць, як закапаць бульбу, даглядаць яе. Як і з кім ураджай збіраць. Афіцыйныя СМІ працуюць над іміджам бульбы як нацыянальнага прадукту, якім зрабіў яе Аляксандр Лукашэнка. Ці слушна гэтак лічыць?

«З савецкіх часоў гэтая ўся традыцыя пайшла, таму што ў СССР былі спрыяльныя ўмовы. У нас было насельніцтва, якое можна было гнаць у калгасы на ўборку ўраджаю. І ў нас былі ўгнаенні, якія не трэба везці, як у той Казахстан. Гэта фосфар, азот, калій», – кажа адмысловец у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

За саветамі Беларусь была буйной экспарцёркаю бульбы. У год, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, бульбу гадавалі на 697 тысячах гектараў. Летась было толькі 173 тысячы гектараў.

«Згодна з апошнімі звесткамі, пасяўная плошча (якую пад бульбу аддаюць усе гаспадаркі, калхозы, насельніцтва) у цэлым складае каля 3% усіх пасяўных плошчаў», – кажа Анастасія Лузгіна, старэйшая навуковая працаўніца BEROC.

Асноўная частка гаспадарчых плошчаў сёння засеяная збожжавымі і тэхнічнымі культурамі – як рапс, кукуруза. Больш гадуюць гародніну і садавіну, ягады. Прычына ў паступовым зніжэнні цікавасці спажыўца да бульбы. Праз харчовую разнастайнасць, канстатуе Настасся Лузгіна.

Бульбы ў Беларусі вырошчваем столькі, колькі спажываем. І ў гэтым спажыванні нам і сапраўды няма роўных – 160 кілаграмаў на душу насельніцтва за год.

«Узровень самазабяспечанасці бульбаю за 2021-ы год складала 100% ад неабходнага абʼёму. У той час малаком Беларусь была забяспечаная на 263%. Мясам на 134%, – падкрэслівае Анастасія Лузгіна.

То бок малочныя і мясныя прадукты на экспарт ідуць, а бульба – ці то не ідзе, ці то прадаецца ў мізэрных абʼёмах. Хоць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання кажа пра шырокую геаграфію экспарту: Расея, Узбекістан, Азербайджан, Сербію і нават Казахстан, які сам прадае бульбу за мяжу.

Калі Лукашэнка пачаў кіраваць краінаю, з палёў збіралі больш як 8 мільёнаў тон бульбы. Летась не дацягнулі і да чатырох мільёнаў тон. Падае і попыт ды ўраджайнасць беларускіх гатункаў.

«Міністэрства сельскай гаспадаркі імпартуе і вырошчвае імпартныя гатункі бульбы, якія зʼяўляюцца лідарамі ў нас у краіне. Гэта нямецкія гатункі. І вы ўжо ведае, у сувязі з санкцыямі гэта таксама выклікае шмат складанасцяў і думаю калі так пойдзе далей, у нас не будзе сілкавання з-за мяжы менавіта насеннявага матэрыялу, то праз пару гадоў сітуацыя ў бульбаводстве будзе яшчэ горшаю», – перасцерагае Мікалай Лысянкоў.

Калі ў 2020 годзе бульба каштавала ў сярэднім Br 0,82 капейкі, сёлета – Br 2,99. Прыкладна гэтак клубні падаражэлі на сусветным рынку. Але калі Беларусь зазнае праблемы з імпартам «сямянкі» і ўраджайнасць упадзе яшчэ ніжэй, гэта штурхне ўгару кошты лукашэнкаўскай гародніны-фаварыткі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»