У гадавіну Маршу за свабоду арыштавалі чатырох менчукоў


Два гады мінула пасля пратэстаў 2020-га, але ўсё яшчэ працягваюцца затрыманні беларусаў, якія не пабаяліся выйсці на вуліцы Менску супраць дыктатуры Лукашэнкі. Толькі за сённяшнюю раніцу, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за ўдзел у мірных акцыях 2020 года былі затрыманыя чацвёра жыхароў Менску.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Роўна два гады таму адбылася адна з самых маштабных акцыяў супраць дыктатуры Лукашэнкі. Марш за свабоду аб’яднаў тысячы беларусаў па ўсёй краіне. Толькі ў Менску на вуліцы выйшлі каля трохсот тысячаў чалавек. Гэтак беларусы паказалі сваё стаўленне да фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту.

На дзве гадзіны раней на той жа плошчы Незалежнасці адбыўся праўладны мітынг падтрымання Лукашэнкі. Удзельнікаў на яго звазілі аўтобусамі з усіх абласных і раённых цэнтраў – у добраахвотна-прымусовым парадку. Гваздом праграмы стаў выступ галоўнага «падпалкоўніка» краіны.

«Спакойнага жыцця яны нам не дадуць. Нават калі яны супакояцца цяпер, потым яны выпаўзуць, як пацукі з сваіх нораў. Імі кіруюць ужо чужыя людзі – лялькаводы», – звяртаўся Лукашэнка да сваіх прыхільнікаў з трыбуны.

За ўдзел у Маршы за свабоду і наступных акцыях вольныя беларусы зазнаюць пераслед нават праз два гады. Толькі за сённяшнюю раніцу стала вядома пра затрыманне чатырох жыхароў Менску: мужа і жонкі Марыі і Мікалая Касценкаў, Святланы Саковіч, а таксама Ігара Назаранкі, які падчас акцыі трапіў на відэа, з дапамогай якога яго і вылічылі сілавікі.

«Тыя беларусы, якія ўдзельнічалі ў вулічных пратэстах і не хавалі свайго твару пад маскамі, пад кепкамі, калі яны адкрыта хадзілі пад камерамі назірання, якімі ўтыканы ўвесь Менск… У асноўным гэтыя камеры ў Менску, але і ў абласных цэнтрах. Вядома ж, рызыка, што іхны ўдзел будзе выкрыты гэтай злачыннай групоўкай пад назвай ГУБАЗіК, ён існуе. Паколькі, яшчэ раз паўтаруся, гэта іхная адзіная праца», – кажа прадстаўнік «BYPOL» Алег Талерчык.

Аднак удзел у пратэстах – не адзіная прычына затрыманняў.

«За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў альбо за так званы ўдзел у незаконных фармаваннях – план «Перамога». Трэба перагледзець свае пратаколы бяспекі яшчэ раз. Пачысціць тэлефон, шмат ужо рэкамендацыяў друкавалі журналісты, як гэта рабіць. Не захоўваць нічога ў хаце і ў прынцыпе разумець, што па гэтых фотаздымках могуць прыйсці да кожнага», – мяркуе праваабаронца грамадскага абʼяднання «Звяно» Таццяна Гацура-Яворская.

У зоне рызыкі і тыя, хто пасля рэпрэсіяў 2020 года зʼехаў за мяжу, але пастанавіў вярнуцца на радзіму. Вядомыя некалькі выпадкаў затрыманняў проста на мяжы. Псіхолаг кажа, што рашэнне вярнуцца людзі прымаюць з некалькіх прычынаў.

«Калі цябе выганяюць, які б гэты перыяд ні быў выдатным, усё роўна азіраемся назад. Людзі хочуць трапіць дадому, а яны не могуць. І ў выніку гэтага спараджаецца своеасаблівая ілюзія, ахоўная рэакцыя: ім здаецца, што ўсё будзе добра», – перакананая псіхолаг Ала Марціновіч.

Тым жа, хто застаецца ў Беларусі, псіхолаг раіць акцэнтаваць увагу на звычайных бытавых рэчах і пры неабходнасці звяртацца да спецыялістаў, у валанцёрскія арганізацыі па псіхалагічную дапамогу.

Наста Печанькова «Белсат»