Пракурор запатрабаваў – суддзя выканаў. Сцяпан Латыпаў атрымаў 8,5 год калоніі


Пракурор Уладзімір Рабаў папрасіў восем з паловаю гадоў узмоцненага рэжыму – суддзя Аляксандр Воўк задаволіў патрабаванне. Да таго ж Сцяпану Латыпаву выставілі восем тысяч семсот рублёў штрафу.

Праваабаронца Павел Сапелка лічыць, што мэта жорсткага прысуду – застрашыць іншых актыўных грамадзянаў:

«А тым больш калі ён яшчэ распавядае падрабязнасці кухні задушэння асобы, кухні гэтых усіх катаванняў».

Затрымалі Сцяпана летась 15-га верасня ва ўласным двары, калі абараняў мурал з «дыджэямі пераменаў» і прасіў міліцыянтаў паказаць пасведчанні. Пасля ўзлому кватэры і ператрусу забралі тэхніку, банкаўскія карткі і наяўныя.

Абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах у стварэнні дваровага telegram-чата ды майстэрні па вырабе пратэстнай сімволікі, а таксама ў супраціве міліцыянтам пры затрыманні. Да таго ж, як дырэктара кампаніі «Беларбо», прызналі вінаватым у махлярстве.

«Латыпава намагаліся абвінаваціць у зусім казачных злачынствах. Таму ён і быў прызнаны з самага пачатку палітзняволеным. Таму што ягоны пераслед быў палітычна матываваны. Ён дэ-факта пераследаваўся за сваю грамадскую, мірную, негвалтоўную дзейнасць», – упэўнены Павел Сапелка.

Пра асобу Сцяпана Латыпава нам распавёў былы працаўнік ягонай кампаніі Мікіта Крывальцэвіч:

«Добры чалавек з лідарскімі якасцямі. Адразу відаць, начытаны чалавек, прыемна размаўляць. Як дырэктар даваў зарабіць, ніколі не сквапіўся. Ён мяне навучыў, сапраўды, як свайго сына – узяў, аплаціў усе курсы. Нягледзячы на свой лёс, ён не маўчыць – і гэта самае галоўнае».

Сцяпан Латыпаў віны не прызнаў. На першае паседжанне 1-га чэрвеня прыйшоў са слядамі збіцця і паспеў паведаміць пра катаванні. Пра збіццё пасля затрымання распавёў і ў апошнім слове ў чацвер:

«Ніколі ў жыцці мне не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за спінай, «ластаўкай», збівалі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната. Білі дубінкай па ягадзіцах, білі так, каб сіняка не заставалася. Але абапірацца я не мог яшчэ тры тыдні. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся».

У чацвер жа распавёў і пра спробу суіцыду на першым дні суда. Звярнуў увагу на тое, што намагаўся парэзаць горла не асадкай, а самаробным лязом. Самагубства Сцяпан Латыпаў пачаў рыхтаваць пасля аднаго з допытаў:

«Мне параілі абматаць метал кавалачкам пластыру, каб ён не слізгаў па пальцах. Пластыр я папросту наклеіў на тэчку з дакументамі і напісаў на ім ручкай. Потым пераляпіў на куртку, гэта нікога не збянтэжыла. Як нікога і не збянтэжыла і тое, што ўсю першую палову паседжання я плёў кляп, які патрэбен быў, каб сысці годна, не скуголячы ад болю. Было балюча. Шалёна балюча і страшна».

Дадаў, што яму было сорамна за няўдалую спробу і за тое, што не ўбачыў у той момант, як можа абараніць блізкіх і суседзяў.

Яна Шэк, «Белсат»