Маршу за свабоду – год


«Марш за свабоду» стаў самай масавай акцыяй пратэсту за ўсю гісторыю Беларусі. Супраць гвалту, беззаконня і сфальсіфікаваных выбараў толькі ў Менску на плошчу каля Стэлы выйшлі, паводле розных падлікаў, ад двухсот да пяцісот тысячаў чалавек.

«Для мяне 16 жніўня – гэта вельмі добрая дата. Калі я туды ішла, я нават не ўяўляла, што ён будзе такі маштабны, што будзе так шмат людзей. Ва ўсіх быў вельмі радасны настрой. Нават было адчуванне, што гэта нейкі фестываль праходзіць. Са сцягамі, з плакатамі» – узгадвае Нюта – адна з удзельніц маршу.

Пратэстоўцы выходзілі на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў па ўсёй Беларусі. У Гомлі, на плошчы Перамогі ў Віцебску. Каля дзесяці тысяч беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшліся маршам ад Савецкай да плошчы Леніна ў Горадні.

Тым часам у Менск з усёй Беларусі на замоўленых аўтобусах звозілі прыхільнікаў Лукашэнкі. У эфіры дзяржаўных тэлеканалаў сцвярджаюць, што мітынг у ягоную падтрымку на плошчы Незалежнасці сабраў каля сямідзесяці тысячаў чалавек. Незалежныя СМІ налічылі ад дзесяці да трыццаці тысячаў.

Да сваіх прыхільнікаў на мітынгу звярнуўся і сам Лукашэнка. Але большую частку прамовы ён прысвяціў тым, хто выступаў супраць яго.

Але неўзабаве і плошчу Незалежнасці ў Менску занялі пратэстоўцы. Прыхільнікі рэжыму з яе сышлі гэтак жа арганізавана, як і прыйшлі. На абодвух мітынгах прысутнічаў і былы фотакарэспандэнт «Тут.бай» Вадзім Заміроўскі. Кажа, супраць Лукашэнкі людзей выйшла больш.

«Сказаць, што там было больш людзей – гэта нічога не сказаць. Там было ў сто разоў больш людзей. Я ніколі, напэўна, не бачыў столькі людзей у Менску аднойчас. Людзі выходзілі з сем’ямі, з дзецьмі. Гэта было як сапраўднае свята на вуліцах гораду. Можна сказаць, што Менск святкаваў перамогу ў той момант. Можа і рана» – сцвярджае Вадзім Заміроўскі.

З прамовай да беларусаў звярнулася і сябра абʼяднанага штабу Марыя Калеснікава, якую цяпер судзяць у закрытым рэжыме – і якой пагражае да дванаццаці гадоў зняволення.

«Падзеі мінулага тыдня і некалькіх месяцаў напалохалі дзейную ўладу. І гэтая калымага ўлады развальваецца находу! Я вельмі шчаслівая, я ганаруся тым, што я беларуска. Дзякуй вам! Беларусы, вы неверагодныя!» – казала беларусам Марыя Калеснікава.

Вуліцы сваіх гарадоў беларусы пакінулі толькі позна ўвечары. А «Марш за свабоду» паклаў традыцыю сярод пратэстоўцаў выходзіць разам кожную нядзелю.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»