Ці маюць вагу лукашысты ў ААН?


У Жэневе зацвердзілі вынікі 111-ай сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы. Рэзалюцыя прапануе ўдзельнікам Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) перагледзець свае стасункі з урадам Беларусі і рэгулярна даваць справаздачы наконт таго, што яны зрабілі для выканання правоў беларускіх рабочых.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У складзе лукашэнкаўскай дэлегацыі былі міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, а таксама кіраўнік праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

«Атмасфера была для беларускай дэлегацыі ад рэжыму напружанай, відаць было, што ніхто не хацеў мець кантактаў, а яны хацелі прывезці хоць нейкія поспехі ў Беларусь да Лукашэнкі, ды навязваліся», – кажа прадстаўнік Рабочага руху Юрый Рававы.

Але прадстаўнікі рэжыму бралі ўдзел не толькі ў якасці афіцыйнай дэлегацыі. Адна з адмысловых спавяшчальніц заклікала не ўводзіць санкцыяў супраць Беларусі, бо, маўляў, з ейнага досведу выкарыстанне эканамічных і фінансавых абмежаванняў кепска ўплывае на правы чалавека ў падсанкцыйных краінах. Гэтая спавяшчальніца – Алена Доўгань, прафесарка на факультэце міжнародных стасункаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Палітолаг, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка лічыць заяву маніпуляцыйнаю.

«Канечне, краіны, на якія накладаюць санкцыі, там горш жыць людзям, там горш з правамі чалавека, але не таму што санкцыі накладаюць, а таму, што гэта аўтарытарныя краіны, якія акурат і парушаюць міжнародныя прынцыпы, з-за чаго і ўводзяцца санкцыі», – кажа Вадзім Мажэйка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Адмысловы спавяшчальнік не прымае рашэнняў, а толькі дае парады. Але як прадстаўніца лукашэнкаўскага рэжыму ўвогуле трапіла ў міжнародную структуру і заняла гэтую пасаду? Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў складаецца не толькі з дэмакратычных краінаў, нагадвае Валер Кавалеўскі:

«Алена Доўгань у гэтым сэнсе мае пэўны бэкграўнд, ёсць нейкія акадэмічныя параметры, па якіх яна магла сябе высоўваць на гэтую пазіцыю, і атрымала падтрымку неабходнай колькасці краін для таго, каб працягваць гэтую дзейнасць».

Апроч таго, паколькі акадэмічная супольнасць у Беларусі падкантрольная рэжыму, да ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях скіроўваюць не даследнікаў, а функцыянераў, кажа былы выкладчык юрыдычнага факультэту БДУ, прафесар Таллінскага ўніверсітэту Яраслаў Кот:

«І гэта выглядае, нібы чалавек еўрапейскі. І на паперы выглядае ўсё добра, а насамрэч проста гэта чыноўнік, і таму яна ўва ўсім удзельнічае. Не таму, што яна найлепшы кандыдат, і ёй гэта цікава».

Неабʼектыўнасць Алены Доўгань сапсавала ёй рэпутацыю на міжнароднай арэне, але пасада адмысловай спавяшчальніцы надае значнасці для рэжыму.

«Тое, што яна гэта робіць, надае ёй вагу, якую яна можа выкарыстоўваць, каб потым прапаганду прасоўваць. Будуць казаць, экспертка з ААН, і яна будзе несці тую ж прапагандысцкую цемру», – адзначае Яраслаў Кот.

Але міжнародныя структуры, не зважаючы на недэмакратычныя закіды некаторых працаўнікоў, здольныя прымаць узважаныя рашэнні, кажуць нашыя суразмоўцы. Прыклад гэтаму – і нядаўняе непрыняцце Беларусі ў нясталыя сябры Рады бяспекі, і між іншага рашэнне Міжнароднай арганізацыі працы аб Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»