Зяленскі: «Нам патрэбная ад канцлера Шольца пэўнасць у тым, што яны падтрымліваюць Украіну»


Францыя, Нямеччына, Італія і Румынія выступаюць за неадкладнае прадастаўленне Украіне статусу кандыдата ў чальцы Еўрапейскага Звязу. Пра гэта лідары чатырох краінаў заявілі падчас візіту ў Кіеў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра тое, што ў сталіцу Украіны шаснаццатага чэрвеня прыедуць прэм’ер-міністр Італіі Мар’ё Драґі, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, яшчэ некалькі дзён таму паведамляла нямецкая газета «Bild» ды італьянская «La Stampa».

Уся ўкраінская дыпламатыя, на чале з прэзідэнтам Зяленскім, працавала на мяжы фолу. У інтэрв’ю тэлеканалу ZDF лідар Украіны заявіў, што не хоча, каб канцлер Нямеччыны проста прыехаў у Кіеў пафатаграфавацца:

«Нам патрэбная ад канцлера Шольца пэўнасць у тым, што яны падтрымліваюць Украіну. Ён і ягоны ўрад мусяць самі для сябе выбраць. Нельга спрабаваць балансаваць паміж Украінай і адносінамі з Расеяй. Яны мусяць выбраць, хто ў прыярытэце».

Пра планаваны візіт Макрона, ужо пятнаццатага чэрвеня, паведаміў першы дарадца французскага амбасадара ва Украіне Бруно Касанэль. Але літаральна адразу ж у амбасадзе Францыі гэтую інфармацыю зняпраўдзілі.

Усе гэтыя выцёкі ў СМІ і заявы чыноўнікаў «прыедзе-не-прыедзе» праходзілі на фоне няздзейсненых абяцанняў спадара Шольца наконт паставак узбраення не толькі Украіне, але і Польшчы. На фоне рэгулярных званкоў спадара Макрона Пуціну.

Падчас свайго нядаўняга візіту ў Румынію прэзідэнт Францыі заявіў наступнае:

«Мы мусім быць дакладнымі: мы не ваюем з Расеяй. Украінскаму прэзідэнту і ягоным чыноўнікам давядзецца весці перамовы з Расеяй».

Нягледзячы на ўсё гэта, прэмʼер-міністр Італіі Мар’ё Драґі, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, федэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц прыбылі ў чацвер у Кіеў на славутым цягніку. Крыху пазней да тройкі лідараў далучыўся прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс.

Перад сустрэчай з Зяленскім чацвёрка выправілася ў Ірпінь. Пабачанае там моцна ўразіла еўрапейскіх лідараў. А прэзідэнт Францыі на сто трынаццаты дзень вайны заўважыў, цытата, «першыя прыкметы таго, што гэта было ваенным злачынствам».

«Тут у Ірпіні вы цяпер у месцы, што было разбуранае, у якім, як і ў некаторых іншых гарадах, расейская армія была эфектыўна спыненая, дзе былі здзейсненыя масавыя забойствы. Мы бачым першыя прыкметы таго, што гэта было ваенным злачынствам. Мы шчыльна супрацоўнічаем з гэтай нагоды. І я дзякую ўсім паліцыянтам, экспертам, французскім юрыстам, якіх адправілі сюды з першага дня разам з іншымі экспертамі», – распавёў Макрон.

А вось так пракаментаваў візіт у Ірпінь прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс:

«Няма словаў, каб апісаць тую неймаверную людскую трагедыю і жудасныя разбурэнні, што мы ўбачылі сёння ў Ірпіні. Я заклікаю, каб усіх расейскіх злачынцаў прыцягнулі да адказнасці».

А што ж у Расеі? Візіт еўрапейскіх лідараў не застаўся без увагі і тамака. Дзмітрый Мядзведзеў з гэтай нагоды апублікаваў першы з шаснаццатага сакавіка пост у сваім «Twitter»:

«Вось любяць еўрапейскія знатакі жабаў, ліверу і макароны наведваць Кіеў. Карысці – нуль. Зноў паабяцалі ўступленне ў ЕЗ, гаўбіцы старыя, каўтанулі гарэлкі і цягніком, як сто гадоў таму, – дадому. І ўсё добра. Толькі вось да міру гэта Украіну ніяк не набліжае. А гадзіннічак цікае…»

Падчас візіту ў Кіеў Макрон запэўніў, што Еўропа не будзе патрабаваць ад Украіны тэрытарыяльных саступак для завяршэння вайны. Са словаў французскага лідара, ягоная дзяржава паставіць Украіне шэсць дадатковых артылерыйскіх сістэмаў «CAESAR» калібрам сто пяцьдзясят пяць міліметраў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»