Лукашысты спрабуюць абмежаваць права на навучанне за мяжой


Сейм Польшчы прыняў папраўку ў закон аб адукацыі. Яна спрашчае магчымасць навучацца ў Польшчы грамадзянам краінаў, якія дэнансавалі пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў у галіне адукацыі. Гаворка пра беларусаў. Афіцыйны Менск выйшаў з адпаведнага пагаднення ў кастрычніку 2022-га.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сітуацыя з адтокам студэнтаў моцна турбуе ўлады. Але яны не даюць абітурыентам ніводных пернікаў, працуе заўсёды толькі бізун. І вось гэтым бізуном яны заганяюць абітурыентаў у беларускія вузы», – кажа сакратарка вонкавых сувязяў Задзіночання беларускіх студэнтаў Лізавета Даўгулевіч.

Намесніца міністра адукацыі Польшчы Ёанна Муха дадала, што афіцыйны Менск апошнім часам перастаў выдаваць атэстаты аб сканчэнні школы тым грамадзянам краіны, якія цяпер за яе межамі. Выглядае, Лукашэнка свядома абмяжоўвае правы беларусаў на навучанне за мяжой:

«Выпускнікі павінныя выразна ўсведамляць і разумець, што наша вышэйшая адукацыя ў Беларусі найлепшая».

Днямі ж з’явілася інфармацыя пра чарговае новаўвядзенне ад лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Дэпартамент кантролю якасці адукацыі перастаў выдаваць абітурыентам даведкі, што школа, якую яны заканчваюць, мае права выдаваць дакументы дзяржаўнага ўзору.

«Гэта сістэмнае рашэнне, і я баюся, што яно не апошняе. Рэжым будзе прыдумваць усе новыя захады, каб забараніць моладзі выязджаць за рубеж, – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова. У нас ёсць інфармацыя, што ў некаторых школах бацькам нават гавораць, што атэстат не дадуць на рукі».

Паводле падлікаў адмыслоўцаў, летась за мяжою навучаліся каля 30-ці тысячаў беларусаў.

Найбольш папулярны кірунак па-ранейшаму Расея – там адукацыю атрымліваюць 12 з паловай тысячаў студэнтаў з нашай краіны. Яшчэ 12 тысячаў абралі Польшчу. Трэцяе месца ў рэйтынгу ў Літвы.

Беларускія абітурыенты
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія абітурыенты.
Фота: edu.gov.by

«Расея гэта лічыць небяспекай для сябе. У апошнія гады актывізавалася дзейнасць расейскіх фондаў і перадусім “Россупрацоўніцтва”, – мяркуе старшыня камісіі адукацыі і навукі Каардынацыйнай рады Беларусі Павел Церашковіч. – Гэтае агенцтва прадстаўляе 40 тысячаў стыпендыяў на навучанне ў расейскіх універсітэтаў. З іх паўтары тысячы прызначаныя для Беларусі».

Між тым паслявыбарчы тэрор у Беларусі адбіўся не толькі на жаданні абітурыентаў вучыцца на радзіме, але таксама і на працы выкладчыкаў. Дакладная лічба звольненых з універсітэтаў з палітычных прычынаў – невядомая. Бо шмат хто папросту не афішуе факту звальнення.

«Але ёсць статыстычныя лічбы скарачэння колькасці выкладчыкаў па ўсёй сістэме вышэйшай адукацыі, – дадае Павел Церашковіч. – Вядома, што толькі за 2021-2022 гады агульная лічба выкладчыкаў скарацілася на 1550 чалавек і гэта каля васьмі адсоткаў ад усіх выкладчыкаў».

І выглядае на тое, што ціск на акадэмічную супольнасць у Беларусі будзе толькі расці.

«Многія збеглыя туды за адукацыяй хутка пачынаюць разумець розніцу. Многія вяртаюцца, але не ўсе. Гэтага шатання быць не павінна», – упэўнены Лукашэнка.

Ян Федаровіч, «Белсат»