Канада і ЗША абвесцілі новыя санкцыі


Тузін кампаніяў і тры дзясяткі асобаў – Злучаныя Штаты і Канада ўвялі новыя пакеты санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Пад санкцыі Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў трапілі шэсць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта кампанія «СтанкаГомель», што супрацоўнічае з шэрагам расейскіх у тым ліку вайсковых канцэрнаў. Таксама ў спісе – часткі холдынгаў «Агат» і «Геаінфармацыйныя сістэмы», звязаныя з вайсковаю прамысловасцю, у тым ліку расейскаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Замежныя арганізацыі і фізічныя асобы, залучаныя ў спіс, – удзельнікі глабальнай сеткі гандлю зброяй, якая вядзе бізнес з лукашэнкаўскім рэжымам. Злучаныя Штаты скарысталіся між іншага інфармацыяй ад дэмакратычных сілаў, падкрэслівае Павел Латушка.

«Кампанія “BLACK SHIELD”, якая на працягу дзесяці гадоў займалася гандлем зброяй з найбяднейшымі краінамі Афрыкі і Азіі. Гэта дэманструе крывадушнасць рэжыму Лукашэнкі, які пастаўляе зброю ў краіны бедныя, дзе ідуць ваенныя канфлікты, і проста дапамагае забіваць людзей».

У санкцыйным спісе Канады – 21 асоба, датычная да рэпрэсіяў у Беларусі пасля 2020-га года. Сярод дзевяці суддзяў – да прыкладу, Святлана Бандарэнка з Менску, якая вынесла больш за сотню палітычна матываваных рашэнняў, у тым ліку завочныя выракі лідарам Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну. Або Валянціна Зянкевіч, якая працуе ў Менскім гарадскім судзе. Самым гучным яе працэсам была «справа TUT.by». Менавіта яна прысудзіла Людміле Чэкінай і Марыне Золатавай па 12 гадоў калоніі.

Таксама ў канадскім спісе – сямёра начальнікаў калоніяў. Сярод іншых гэта Андрэй Пальчык і Руслан Машадзіеў – былы і цяперашні кіраўнікі сумна вядомай калоніі ў Наваполацку, дзе катуюць Віктара Бабарыку і застаюцца больш за сто палітзняволеных. Аляксандр Карніенка, былы кіраўнік Шклоўскай калоніі, у якой памёр Вітольд Ашурак, – таксама ў спісе.

«Гэта бюракратычная працэдура якая мае даволі сімвалічны вынік, што беларускае пытанне застаецца ў павестцы дня і што Захад, хоць і сімвалічна, аказвае ціск на рэжым», – кажа старэйшы даследнік Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў, палітолаг Рыгор Ніжнікаў.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо на сустрэчы ў Атаве. 16 красавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Пра санкцыі Канада абвесціла акурат у час, калі ў краіне цяпер з візітам Святлана Ціханоўская. Падчас перамоваў з прэм’ерам Жустэнам Трудо абраная прэзідэнтка між іншага заклікала яго запрасіць дэмакратычныя сілы Беларусі на саміт «Вялікай сямёркі» падчас старшынёўства Канады ў арганізацыі. Важнасць такой супрацы падкрэслівае намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка:

«Трапіць на такія перамовы прадстаўнікам дэмакратычных структураў – цяжкая задача, але яе трэба ставіць перад сабой. Калі не – то трэба, каб была група краінаў, быў стратэгічны партнёр, які мог бы агучыць голас беларусаў падчас гэтых перамоваў. Нічога не павінна вырашацца за нас без нас – і гэта стратэгічная задача».

Але практычных вынікаў і ад новых санкцыяў, і ад візіту Ціханоўскай будзе няшмат, мяркуе Рыгор Ніжнікаў:

«Прыязджаць з ідэямі, а не проста, каб беларускае пытанне заставалася на павестцы дня. Для мяне гэта галоўнае пытанне – як ісці да гэтага.Таму што на Захадзе не бачым ніякіх памкненняў і ніякіх ідэяў, Захад заняты сваімі ўнутранымі справамі і, вядома, пытаннямі Украіны».

Тым часам украінскі консул наведаў Гомельскую жаночую калонію, дзе азнаёміўся з умовамі, у якіх трымаюць асуджаных грамадзянак Украіны. У гэтай калоніі прынамсі паўсотні палітзняволеных беларусак, сярод якіх – Марыя Калеснікава, Марфа Рабкова, Кацярына Андрэева ды іншыя.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»