Новыя законапраекты прынялі сёння ў парламенце


Супрацьдзеянне «экстрэмізму» і «рэабілітацыі нацызму». Якія яшчэ законапраекты прынялі сёння ў парламенце.

Тэрмінова Палата прадстаўнікоў Беларусі прымае новыя законапраекты. Тры – у першым чытанні ды восем – у другім. Сярод іх – супрацьдзеянне «экстрэмізму», «рэабілітацыі нацызму» ды іншыя.

«Беларускія ўлады пад свае патрэбы, пад цяперашнюю сітуацыю прымаюць новыя нарматыўныя акты, якія будуць адпавядаць іх чаканням, неабходнасці і дадуць магчымасць казаць уладам, што ўсё, што адбываецца ў краіны, яно адбываецца ў межах і ў рамках закону», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

У першым чытанні прынялі змены ў адвакацкай дзейнасці. Калі казаць прасцей – бюро ды індывідуальная практыка ня будзе законнай. Замест гэтага адзіная арганізацыйная форма – юрыдычныя кансультацыі. У законе з’явіліся сурʼёзныя змены, лічыць юрыст Павел Сапелка.

«Яны тычацца ўзмацнення паўнамоцтваў Міністэрства юстыцыі па кантролі адвакатаў і адвакацкай супольнасці. А вось гэта ўсё ў сукупнасці пацягне магчымыя змены характару адвакацкай дзейнасці», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Як стала вядома сёння Іллю Салея, які абараняў Марыю Калеснікаву вызвалілі з-пад хатняга арышту. Іншыя яе абаронцы таксама трапілі пад рэпрэсіі: Максім Знак па-ранейшаму застаецца за кратамі. Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак пазбавілі ліцэнзіяў. Скаргу Казак на гэткае рашэнне Мінюста не задаволілі. Адвакату Віктара Бабарыкі Дзмітрыю Лаеўскаму вынеслі вымову. Агулам за час пасля выбараў ліцэнзій пазбавілі 17 адвакатаў.

Такая сітуацыя выклікае занепакоенасць міжнародных арганізацыяў. Нідэрландскае аб’яднанне «Lawyers for Lawyers» патрабуе ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі. У Беларусі моцнае падтрыманне міжнароднай супольнасці, лічыць Міхаіл Кірылюк, якога таксама пазбавілі ліцэнзіі.

«Меркаванне міжнароднай супольнасці юрыстаў, яно, безумоўна, будзе ўплываць на палітыкаў гэтых краінаў, якія прымаюць рашэнні. Зноў жа, як будаваць узаемаадносіны з Беларуссю. Адпаведна, іх меркаванне, пазіцыя і выступленні будуць уплываць», – кажа адказны за пытанні юстыцыі ў НАК.

Сярод іншых, у другім чытанні парламентарыі прынялі законапраекты аб супрацьдзеянні «экстрэмізму», «рэабілітацыі нацызму», аб «масавых мерапрыемствах» і сродках масавай інфармацыі.

«Цяпер гэта дзеянне яшчэ больш пашыраецца, і яно, зноў жа, захапляе ў асноўным тыя дзеянні, сведкамі якіх мы сталі ў мінулым і гэтым годзе: пратэстная дзейнасць. Таксама гэта будзе кранаць рознага роду спробы крытыкаваць улады, крытыкаваць органы ўлады і сілавыя органы» – разважае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Усе законапраекты праходзяць тры этапы: першае і другое чытанні. Подпіс Лукашэнкі надасць ім законную моц.

Надзея Бельская, «Белсат»