У Расеі прагаласавала больш за палову выбарцаў


Другі дзень выбараў прэзідэнта Расеі. На шаснаццатую гадзіну маскоўскага часу расейскі Цэнтрвыбаркам паведаміў, што агулам прагаласаваў больш як пяцьдзясят адзін адсотак выбарцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ні яўка, ні тое, як людзі будуць галасаваць за фальшывых кандыдатаў ад камуністаў і ліберал-дэмакратаў, не мае значэння, бо ўсё гэта – тэатральная п’еса. Усё гэта – суцэльны фэйк і кардонная дэкарацыя», – мяркуе аглядальнік DW Канстанцін Эгерт.

Між тым зʼяўляюцца сведчанні пра ўкідванні бюлетэняў. Гэтае відэа знятае ў Дзяржынску Ніжагародскай вобласці.

Сёлетняя электаральная кампанія суправаджаецца рэкорднай колькасцю надзвычайных здарэнняў. 21-гадовую Аляксандру Карасёву вінавацяць у шпурлянні кактэйлю Молатава ў сцяну выбарчага ўчастку ў Санкт-Пецярбурзе. Яе змясцілі ў СІЗА. За мінулыя содні следчыя распачалі мінімум пятнаццаць крымінальных справаў паводле артыкулу аб «перашкодзе працы выбарчых камісіяў».

Некаторыя выбарцы прыносілі з сабой зялёнку ды спрабавалі заліць ёй урны для галасавання. Гэтыя выпадкі здараліся па ўсёй Расеі, ад Сібіры да Калінінградскай вобласці. Такіх асобаў таксама арыштоўвалі.

Галасаванне працягваецца. У тым ліку і на акупаваных тэрыторыях Украіны. З гэтае нагоды ў ААН склікалі паседжанне Рады бяспекі.

«Намеры Расеі правесці прэзідэнцкія выбары з 15 да 17 сакавіка ў раёнах Украіны, што цяпер пад расейскім кантролем, непрымальныя, – зазначыла намесніца генеральнага сакратара ААН у пытаннях палітыкі і будавання міру Роўзмары ДыКарла. – Місія ААН у маніторынгу правоў чалавека ва Украіне задакументавала, што мінулыя так званыя рэферэндумы і мясцовыя выбары праходзілі ў прымусовых умовах. У адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам акупацыйная ўлада, у гэтым выпадку Расея, абавязаная выконваць законы Украіны на акупаваных тэрыторыях».

Сам Уладзімір Пуцін, якога называюць галоўным фаварытам кампаніі, прагаласаваў напярэдадні ў онлайн-фармаце.

Гэтак жа зрабіў і прэмʼер-міністр Міхаіл Мішусцін. Некаторыя ж іншыя топ-чыноўнікі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і прагаласавалі там.

А некаторым выбарцам выбарчыя урны прывезлі проста на месцы жыхарства і працы.

Выбары прэзідэнта Расеі завершацца ў нядзелю. Сярод нешматлікіх міжнародных назіральнікаў за імі сочаць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі. Як паведаміў кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, такія назіральнікі выправіліся ў тым ліку на акупаваныя тэрыторыі Украіны.

Ян Федаровіч, «Белсат»