Абельская і медыйны ваенкам: хто ідзе ў Савет Рэспублікі?


Медыкі, прапагандыст ды імаверная пераемніца Лукашэнкі. Менскія дэпутаты ды чыноўнікі абралі сваіх прадстаўнікоў у Савеце Рэспублікі. З васьмі асобаў пяцёра – парламентарыі мінулага склікання. У тым ліку спікерка Савету Рэспублікі Наталля Качанава, а таксама хакейны трэнер, бізнесовец і аматар Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сярод навічкоў – галоўны рэдактар выдавецкага дому «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук ды галоўны доктар Менскага гарадскога анкалагічнага цэнтру Віктар Кандратовіч.

У спісе кандыдатаў – Ірына Абельская. У мінулым асабістая доктарка Лукашэнкі, сёння яна ачольвае Рэспубліканскі клінічны медцэнтр. Ірыну Абельскую называюць імавернай маці малодшага сына Лукашэнкі, Мікалая. Аднак вылучэнне Абельскай у гэтак званыя сенатары мае стратэгічнае значэнне для ўсяго рэжыму.

«Лукашэнку трэба падтрымліваць людзей, якія паказалі і даказалі сваю лаяльнасць. То бок ён пасылае сігнал, што калі вы мяне будзеце трымацца, калі не здрадзіце мне, то я забяспечу вам месца ў дзяржаве», – мяркуе віцэ-прэзідэнтка Даследчага інстытуту «Globsec» Алена Кудзько.

Шанцы трапіць у Савет Рэспублікі для Ірыны Абельскай – 100-адсоткавыя. Бо на восем месцаў ад Менску ў верхняй палаце лукашэнкаўскага парламенту прэтэндуюць акурат васьмёра асобаў. Але ці зможа Абельская ў перспектыве, напрыклад, заняць месца спікеркі Савету Рэспублікі, змяніўшы на гэтай пасадзе Наталлю Качанаву?

«Качанава не можа быць адзіным кандыдатам. Ёй абавязкова трэба ствараць канкурэнцыю. Таму яна вельмі карысны чалавек у сістэме, ёй заўжды будзе нейкае месца ў сістэме. Але лепш і бяспечней для Лукашэнкі, каб гэтае месца мянялася», – адзначыла Алена Кудзько.

Васьмярых кандыдатаў у Савет Рэспублікі вылучаюць і ад кожнай з шасці вобласцяў. Ад Гомельшчыны, сярод астатніх, на сенатарскі фатэль прэтэндуе вайсковы камісар вобласці Андрэй Крываносаў. Гарачы аматар Лукашэнкі ды ягонай палітыкі.

За апошнія гады Крываносаў стаўся самым медыйным ваенкамам Беларусі. Асабліва / калі ў 2021 годзе распавёў, што атрымаў ад Лукашэнкі, цытата, зарад энергіі і рашучасці.

Кампанію Крываносаву ў Савеце Рэспублікі новага склікання можа скласці дзейная сенатарка і кіраўніца гомельскай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ганна Смаляк. Прыхільніца не толькі Лукашэнкі, але і «русского мира», яна праславілася сваімі выказваннямі пра ідэі, цытата, вялікага кастрычніка ды пра размяшчэнне ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі.

«Улада ў Беларусі належыць аднаму чалавеку. І вось гэты інстытут рэальна дзейнічае. Таму ад таго, які будзе склад Савету Рэспублікі, нічога не залежыць», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Вылучаць кандыдатаў у Савет Рэспублікі працягнуць да дваццаць першага сакавіка. Яшчэ васьмёра асобаў у верхнюю палату свайго парламенту можа прызначыць асабіста Лукашэнка.

Ірына Юр’ева, «Белсат»