Стэрылізацыя радыеактыўным апраменьваннем небяспечная?


Навукоўцы з Акадэміі навук паведамілі пра тое, што ў Беларусі некаторыя прадукты апраменьваюць радыяцыяй, каб стэрылізаваць іх. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Найбольш запатрабаванае апраменьванне менавіта прадуктаў медычнага прызначэння. Але апрамяняюцца таксама і касметычныя сродкі, і прадукты харчавання. Нават вырабы для патрэб энергетыкі, ЖКГ», – паведамляў каналу СТВ Генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытуту энергетычных і ядравых даследаванняў «Сосны» Андрэй Кузьмін.

Выданне «Наша ніва» напісала, што навуковец Сяргей Бесараб бʼе трывогу, бо гэткі метад можа выклікаць рак. Вось што Сяргей распавёў «Белсату»:

«Мне пачалі каментаваць: ты радыефоб, ты радыефоб. Насамрэч не. Я да радурызацыі вельмі добра стаўлюся. Да радурызацыі, якая выкарыстоўваецца для медычнага абсталявання. Тых жа бінтоў, якія ў аптэчку кладуць. Гэта зразумела – там ніякай вільгаці няма».

Крупы, зерне такім метадам стэрылізаваць бяспечна, кажа хімік. Яны сухія, а акурат у вільгаці зʼяўляюцца перакісы:

«Калі мы штосьці апрацоўваем радыяцыяй – мы павялічваем утрыманне ў гэтых прадуктах перакісаў. Ну, і калі перакісы гэтыя разам з прадуктамі трапляюць у чалавечы арганізм – яны, вядома, павялічваюць узровень перакіснага стрэсу. Яны, вядома, могуць павышаць імавернасць узнікнення непрыемных рэчаў кшталту новаўтварэнняў».

Вынікі радыеактыўнай стэрылізацыі такія. Калі прадукт ужо спакаваны, ён трапляе ў камеру, якая забяспечвае патрэбнае радыяцыйнае выпраменьванне. Яно забівае бактэрыі, насякомых і іншыя шкодныя мікраарганізмы. Але разам з гэтым зніжае ўзровень некаторых вітамінаў B. Пры гэтым вірусы могуць застацца.

«Іанізацыйнае апраменьванне заканчваецца, яно не накопліваецца, прадукт не фаніць. Гэта тое ж самае, калі пасвяціць ліхтарыкам, а потым выключыць ліхтарык – гэты прадмет не будзе свяціцца. Іанізацыйныя выпраменьванні працуюць паводле такога ж прынцыпу. Ёсць дастаткова вялікі масіў даследаванняў наконт таго, як уплываюць іанізаваныя прадукты на чалавека – яны не паказалі нейкіх рызыкаў. То бок у тэорыі ў прынцыпе ўсё можа выклікаць рак. Усё канцэрагеннае, у тым ліку і сонечнае святло, і алкаголь», – запэўнівае харчовы тэхнолаг Вольга Коснікава.

Радурызацыя выкарыстоўваецца ў свеце каля 60 гадоў. А яе бяспеку прызналі такія міжнародныя арганізацыі, як Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі, Агенцтва аховы навакольнага асяроддзя, Кіраўніцтва харчавання і медыкаментаў ЗША, Сусветная арганізацыя здароўя. На сайце апошняй можна знайсці табліцу з нормамі апраменьвання. Дарэчы, сярод прадуктаў у спісе ёсць і садавіна, і гародніна, і мяса, не толькі сухія прадукты.

«Гэта апрацоўванне зерня, крупаў, спецыяў, траваў – усяго таго, што можа сапсавацца, у чым могуць жыць жучкі, патагены. Апрацоўваюць трапічныя фрукты, якія перавозім з адной краіны ў іншую, каб не перавезці якога-небудзь малярыйнага камара, які выклікае ліхаманку дэнге. І таксама мы можам яшчэ знізіць страты ўраджаю, каб наш ураджай не сапсаваўся», – распавядае Вольга Коснікава.

А таксама радурызацыя выкарыстоўваецца для апрацоўвання харчоў для касманаўтаў, у шпіталях. Беларусь выкарыстоўвае гэты метад з 80-ых, у асноўным для апрацоўвання медычных прыстасаванняў. Агулам жа ў свеце радурызацыю праводзяць больш за 60 краінаў, кожная з якіх мае ўласныя нормы да яе выкарыстання.

Яна Шэк, «Белсат»